Маляўнічы Мосар



Мосар – маляўнічы куточак Беларусі, невялікая вёсачка, якая знахозіцца ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Гэтая вёска стала вядомай дзякуючы ксяндзу Ёзасу Бульку, які стварыў тут прыгожы касцельна-паркавы ансамбль з алеяй цвярозасці. Таксама тут пачаў працаваць першы ў Беларусі і, напэўна, адзіны да гэтай пары музей цвярозасці. Праўда, зараз ён пакуль не працуе, бо збіраецца пераязджаць у большае памяшканне.

Вёску Мосар і касцёл Святой Ганны, пабудаваны ў 1792 годзе і названы ў гонар уладальніцы колішняга маёнтка Ганны Бжастоўскай, ужо наведала шмат беларускіх і замежных турыстаў. Некаторыя кажуць, што з сыходам у іншы свет ксяндза Ёзаса Булькі, Мосар страціў сваю турыстучную прыцягальнасць. Але, як мне падаецца, мала што і змянілася. І да гэтай пары касцёл і прыкасцельная тэрыторыя знаходзіцца ў дагледжаным стане. Хіба што жывёл, за якімі можна было паназіраць на касцельнай тэрыторыі, стала менш. Раней тут можна пабачыць было нават страусаў, а зараз ­– толькі звычайных хатніх жывёл і птушак.

Але ўсё ж людзі едуць сюды не для таго, каб паназіраць за страусамі. У першую чаргу яны едуць адпачыць тут духоўна, памаліцца і пазнаёміцца з мясцовай архітэктурай. А яшчэ наведвальнікі Мосара цікавяцца мясцовым побытам, ім цікава, як жылі людзі раней і як жывуць зараз. А для гэтага на тэрыторыі Мосара працуе філіял Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея.

Ён размешчаны ў старым свіране, дзе калісьці захоўвалі збожжа. Старадаўнія пабытовыя рэчы для музея таксама пачаў збіраць ксёндз Ёзас Бульба разам са сваімі вернікамі. Цяпер там знаходзіцца шмат цікавых прадметаў, якія выйшлі з ужытку, але старэйшыя людзі яшчэ памятаюць для чаго яны прызначаліся і як імі карысталіся. Пабываўшы ў мосарскім этнаграфічным музеі, складваецца ўражанне, што раней людзі жылі не горш, чым цяпер. І яны мелі тыя зручнасці і прыстасаванні, якія маем мы зараз, толькі ў іншым выглядзе. Напрыклад, там можна пабачыць музычны більярд, плойку для завівання валасоў, патэфон, грамафон ды іншае.

Можа, хто і скажа, што этнаграфічныя музеі падобныя адзін да аднаго. Але, запэўніваю вас, што ў кожным з іх можна знайсці штосьці незвычайнае, характэрнае толькі для той мясцовасці, дзе ён знаходзіцца. Таму раю наведаць Мосар тым, хто там яшчэ не быў. А тым, хто быў, прапаную яшчэ раз прагуляцца па ціхай і прыгожай тэрыторыі касцельна-паркавага ансамбля, удыхнуць чыстага паветра і адчуць там душэўны спакой і супакаенне.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара