Мамертынская турма: “амерыканка” часоў антычнага Рыма



Турма – не лепшае месца для экскурсій. Але турмаў, якім дзве з паловай тысячы гадоў, гэта не тычыцца, асабліва калі там сядзелі знакамітыя гістарычныя асобы.

Мамертынская турма непадалёк Рымскага Форума, напэўна, найстарэйшая ў свеце. Сюды кідалі пераважна дзяржаўных злачынцаў, а таксама высокапастаўленых вайсковапалонных, рэлігійных дысідэнтаў і ўсялякіх збачэнцаў. Аднаго пераліку вязняў дастаткова, каб згадаць усё, што мы ведаем пра антычны Рым. Змоўнікі супраць Рымскай Рэспублікі Луцый Сергій Каціліна і Публій Карнэлій Лентул, нумідыйскі кароль Югурта, гальскі правадыр Верцынгеторыгс, а таксама Элій Луцый Сеян – начальнік прэтарыянцаў (аналаг КГБ за часамі імперскага Рыма). Асуджаных вязняў звычайна душылі голымі рукамі ці адмысловай зашморгай, пасля чаго трупы скідалі на так званыя “гемеліевы прыступкі” побач з вязніцай.

Але самымі знакамітымі вязнямі Мамертынскай турмы сталі святы Павел і святы Пётр. Прытым харызматычны і пасіянарны святы Павел нават здолеў перад смерцю навярнуць у хрысціянства ахоўнікаў, якія яго пільнавалі. Пра святых пакутнікаў нагадваюць фрэскі, зробленыя ў раннім Сярэднявеччы, а таксама невялічкая капліца.

Сама турма – глыбокая яміна, выкладзеная з сярэдзіны магутнымі каменнымі блокамі і перакрытая плітамі. На першым паверсе месцілася ахова, якая і пільнавала зняволеных у сутарэнні. Ежа падавалася на вяроўцы праз дзірку ў падлозе, праз тую ж дзірку падымалася амфара з фекаліямі. Уцячы з Мамертынскай турмы было немажліва – як і з менскай “амерыканкі”.

За ўсю гісторыю Мамертынскай турмы вядомы толькі адзін высокапастаўлены вязень, які не дажыў да страты. Герэній Сікулус, сябра братоў Гракхаў, каб не звар’яцець, разбіў сабе галаву аб камяні. Пакутлівая смерць падавалася яму прывабнейшай за жыццё ў жахлівым сутарэнні.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара