Маска Агамемнона і іншыя скарбы



 

У дзяцінстве яна падавалася мне масіўнай і вельмі цяжкай. Прынамсі, такое ўражанне складалася ад ілюстрацый у падручніку “Антычная гісторыя” за 5 клас. У свядомасці з’яўлялася цэлая карцінка, навеяная Гамерам: вось памерлага ўладара Мікенаў кладуць ва ўсыпальню, у руку ўстаўляюць меч, а на твар ускладаюць залатую маску, у якой Агамемнон і з’явіцца ў падземным каралеўстве Аіда.

Маску легендарнага героя “Іліады” я пабачыў у Афінскім археалагічным музеі праз шмат гадоў пасля таго, як апошні раз гартаў школьны падручнік. І яна абсалютна не адпавядала маім падлеткавым уяўленням. Зробленая маска з танюткага залатога ліста, амаль што фальгі, яна, хутчэй нагадвае самаробную цацку, якія дзеткі складаюць са станіёлевай шакаладнай абгорткі. Адкапаў тую маску пры раскопках Мікенаў нямецкі археолаг і авантурыст Генрых Шліман – той самы, які ў свой час знайшоў Трою.

Але маска ўсё адно ўражвае: рэльефнасці залатога ліста даюць даволі дакладнае ўяўленне пра твар чалавека, які жыў тры з паловай тысячы гадоў таму, узначальваў аблогу Троі і стаў героем шматлікіх міфаў, карцін і нават музычных твораў.

І на тле залатой маскі ўсе гэтыя дыядэмы, фібулы, мячы і статуэткі, якія Генрых Шліман знайшоў у мікенскай усыпальні Агамемнона, падаюцца другаснымі і нязначнымі…

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя