Маска – горная вёска ў расколіне Тэнерыфе



На захадзе вострава Тэнерыфе ёсць дзівосная вёска з карнавальнай назвай Маска.

Расколіна Маска – глыбокая цясніна на вулканічным востраве. Яе глыбіня сягае ажно да 130 метраў. Праз вёску ажно да акіяна створаны турыстычны маршрут. Ён пралягае проста паміж дамоў мясцовых жыхароў. Іх тут усяго каля ста чалавек. Спускаючыся ўніз можна пабачыць цікавыя дамкі з экзатычнымі брамкамі. Мясцовыя насельнікі дагэтуль вядуць хатнюю гаспадарку, а таксама працуюць у сферы абслугоўвання турыстаў, якіх тут дастаткова багата.

У кавярні на сярэдзіне спуску можна пакаштаваць мясцовых далікатэсаў і напояў, купіць сувеніры. Праўда, усё гэта па істотна завышаных коштах, калі параўноўваць з сярэднімі на Тэнерыфе. Побач з кавярнямі знаходзіцца і цікавы храм са звонам.

Дабірацца наверх найлепш джыпамі, якіх тут вялікая колькасць. Менавіта гэтую марку аўтамашын выкарыстоўваюць турыстычныя фірмы, якія арганізоўваюць адмысловыя экскурсіі.

З гары ўніз вядзе вузкая дарожка, з вышыні добра бачная пятля сцяжынкі і падножжа, што паблізу Атлантычнага акіяну.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара