Міхалішкі – храм на беразе Вяллі



Міхалішкі – вёска ў сучасным Астравецкім раёне, цэнтр сельсавету. На сёння тут пражывае каля 800 чалавек. Гэта даўняе мястэчка гістарычнай Віленшчыны з дастаткова багатай гісторыяй. 

Першая пісьмовая згадка – упамін пра Міхалішкі як маёнтак ваяводы троцкага  Рыгора Станкавіча Осьціка датуецца 1518 годам. З 1526 г. маёнтак быў ў валоданні Радзівілаў, потым Пронскіх, Я. Кенішкі. На 1528 г. у Міхалішках быў 71 двор. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565-66 гадоў паселішча як цэнтар нягродавага староства ўвайшло ў склад Віленскага павету. 24 чэрвеня 1604 г. Міхалішкі набыў Ян Цыпрыян Бжастоўскі які ў 1622 г. фундаваў тут кляштар аўгустынцаў. Пры кляштары дзеіў шпіталь. У 1669 г. кароль Міхал Вішнявецкі надаў Міхалішкам прывілей, паводле якога новыя пасяленцы на 10 гадоў вызваляліся ад падаткаў, жыхары мелі свой суд, праводзілася 4 кірмашы ў год. У час Паўночнай вайны ў траўні 1705 г. тут спыняўся расейскі цар Пётр І. У 1771 г. мястэчка перайшло ў валоданьне Ю. Пузыны. У 19 ст. быў перавоз на Вяллі.

Ведамыя Міхалішкі і дзякуючы мясцоваму касцёлу на беразе Вяллі. Касцёл Святога Міхала Арханёла (1653-62), пабудаваны паводле праекту віленскага архітэктара-бельгійца Крыстафера Пенса пры кляштары аўгустынцаў. Пабудаваны ў стылі “сармацкага” барока – першае тварэнне ў гэтым стылі ў гісторыі беларускай архітэктуры. Пры касцёле капліцы Сятога Язэпа (18 ст.) і Ісуса Хрыста (19 ст.). У аздобе інтэр’еру браў удзел італійскі мастак П’етра Пярэці (Пётра Перці). Багатым дэкорам вылучаецца двух’ярусны галоўны алтар з вітымі калонамі. У яго ніжнім ярусе знаходзіцца каштоўная ікона Святога Міхала Арханёла, выкананая ў 18-ым стагоддзі. Барэльефы былі выкананы ў 1684-1700 гг. і ў арыгінальным выглядзе захаваліся да нашага часу. Інтэр’ер храма нагадвае ўбранне вядомага храма Пятра і Паўла ў Вільні. У сутарэнні храма доўгі час хавалі манахаў і мясцовых землеўладальнікаў. У 1832 г., пасля паразы вызвольнага паўстання, аўгустынскі кляштар зачынены, а храм стаў звычайным парафіяльным. Касцёл быў пашкоджаны ў першую сусветную вайну, напрыканцы 1920-ых, адрэстаўраваны.

Зараз храм на левым беразе Вяллі радуе сваім хараством падарожнікаў, якія едуць шашой Полацк-Вільня, альбо праплываюць ракой. Від з ракі і з мосту зачароўвае асабліва.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара