Мцхета – старажытная сталіца Грузіі



Мцхета – старажытная сталіца Грузіі, месціцца ў 20 кіламетрах ад Тбілісі. Заснаваны гэты горад быў яшчэ ў пятым стагоддзі да нашай эры. Месціцца ён на зліцці дзвюх рэк – Арагвы і Куры. Цяпер там жыве каля 10 000 чалавек.

Паблізу Мцхеты знаходзіцца кляштар Джвары, яго назва перакладаецца як “крыж”. Ён узгадваецца ў  вядомым творы Міхаіла Лермантава “Мцыры”. Гэты кляштар  першай паловы VII стагоддзя размешчаны на вяршыні гары ў зліцця рэк. Там, паводле гістарычных крыніцаў,  узвяла крыж святая Ніна, якая вельмі шануецца ў Грузіі. Дарэчы, гэты кляштар – першы ў Грузіі помнік Сусветнай спадчыны.

Храм Светыцхавелі , які таксама знаходзіцца ў Мцхеце,  – адзін з галоўных храмаў усёй Грузіі. Гэта кафедральны патрыяршы сабор у гонар дванаццаці апосталаў. Паводле легенды, пад храмам захоўваецца хітон Ісуса Хрыста – адна з найвялікшых святынь хрысціянскага свету. Таксама ў храме ёсць купель, з якой хрысціўся Мірыян III, першы цар Грузіі. Храм Светыцхавелі таксама ўключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Сярод  гістарычных збудаванняў, якія захаваліся, храм Светыцхавелі з’яўляецца самым вялікім у Грузіі.

Таццяна Смоткіна

Фота аўтаркі