Музей “Шкоды”: калейдаскоп гісторыі чэшскага аўто



Невялічкі гарадок Млада Балеслаў для мяне як падарожніка па Чэхіі стаў такой “вішанькай” на торце падарожжаў па гэтай краіне. У гэтым гарадку ў 60 км ад чэшскай сталіцы мне давялося наведаць музей аднаго з гігантаў чэшскага аўтапраму – “Шкоды” .

Гісторыя прадпрыемства пачалася яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя, калі механік Лаўрен і кніжны гандляр Клемент пачалі рабіць ровары.

Першы іх аўтамабіль Voiturette , зроблены ўжо ў 1905 годзе, прадстаўлены  ў гэтым музеі, як пачатак экспазіцыі.

 Калейдаскоп старажытных аўто у музеі  “Шкоды” даволі вялікі: гэта і фаэтоны і аўтамабілі прадстаўнічага класу, што выпускаліся да Другой сусветнай вайны, гэта таксама вайсковыя аўто і аўтамабілі 60-х -80-х гадоў, якія можна было пабачыць на дарогах былога СССР.  Гэта экспазіцыя носіць назву Эвалюцыя і расказвае ўсю гісторыю Шкоды.

Таксама ў асобнай зале прадстаўлены працэс рэканструкцыі старажытных аўто: ад моманту дастаўкі ў зал рэканструкцыі, да ўжо гатовага аўтамабіля.

Асобны зал экспазіцыі музея – гэта старыя матацыклы і ровары стваральнікаў кампаніі, дзе першыя матацыклы канца 19 стагоддзя ўражваюць сваё простай канструкцыяй.

Цікавым,  на маю думку,  з’яўляецца экспазіцыя, дзе можна ўбачыць удзел чэшскіх гоншчыкаў у розных ралі, дзе апроч самых аўто прадстаўлена форма гоншчыкаў, гісторыя самых падарожжаў у дакументах, фатаздымках, дзённіках і лістах дахаты.  Гэты зал у час нашага наведвання быў вельмі доўга заняты турыстамі з Нямеччыны, якія слухалі з дапамогай аўдыёгіда экскурсію і спыняліся каля кожнага экспаната.

Сам музей – гэта некалькі вялікіх ангараў, што знакодзяцца каля вытворчасці аўтамабіляў.

Наведванне музея каштуе без экскурсіі – 75 чэшскіх кронаў, гэта прыкладна тры еўра, што даволі не дорага для музеяў такога ўзроўню.

Патрапіць з экскурсіяй на сам завод таксама магчыма, але яе трэба замаўляць за некалькі тыдняў. Мы ж з сябрамі на гэтую экскурсію, на жаль, не запісваліся, таму гэтым разам абмежаваліся аглядам будынка музея. Апроч старажытных аўто і матацыклаў, рухавікоў і дакументальгага кіно пра стварэнне чэшскага аўто у сценах музея “Шкоды” ёсць некалькі залаў, дзе можна пабачыць прататыпы чэшскіх аўто і спартовыя “Шкоды”. Агулам у залях музея “Шкоды” прадстаўлена больш за 300 розных аўтамабіляў і гэты музей будзе цікавы аматарам аўтамабіляў рознага пакалення ад маленькіх дзетак да людзей сталага ўзросту.

[Not a valid template]

Андрэй Мялешка, Прага – Млады Балеслаў – Гародня.