Музей вавёркі ў Бераставіцы



Дзясяткі тысяч беларусаў былі ў мястэчку Вялікая Бераставіца. Але бальшыня была тут толькі праездам — цудоўныя маляўнічыя мясціны знаходзяцца на заходняй мяжы Беларусі побач з Польшчай, ужо зусім блізка прапускны пункт і мытня. Але ў самой Вялікай Бераставіцы ёсць што паглядзець. Прычым шукаць прычыны затрымацца тут асабліва не трэба — на паверхні ідэя завітаць у музей вавёркі. Музей адначасова распавядзе пра Бераставіччыну, пра знакамітых выхадцаў адсюль, напрыклад, даследчыка Манголіі і Кітая Восіпа Кавалеўскага, пісьменніка Івана Летку. Аснова экспазіцыі, безумоўна, мілы пухнаты звярок, які з`яўляецца сімвалам бераставіцкай зямлі. Герб Вялікай Бераставіцы ўтрымлівае на выяве вавёрку нездарма — яшчэ ў 1754 годзе Бераставіца атрымала ад караля Аўгуста ІІІ прывілей на Магдэбургскае права. А на адбітку пячаткі гісторыкі-археолагі знайшлі выяву вавёркі. Таму гэтая жывёла — даўні сімвал мястэчка.

У музея ёсць старонкі ў сацыяльных сетках, а яго экспазіцыя ўбірае ў сябе практычна ўсё, што можа быць звязана з вавёркай. Тут і пудзілы вавёрак розных відаў, і іх сваякі бурундукі, і шкляныя фігуркі вавёркі, паштоўкі, маркі розных краін, манеты, купюра «50 капеек Рэспублікі Беларусь» з тых самых «зайчыкаў», цацкі, вазы, лыжкі, значкі, кнігі, бутэлькі, упакоўкі ад цукерак, латарэйныя білеты, елачныя упрыгожанні. На месцы распавядаюць пра ўзаемадзеянне вавёрак з навакольным светам, хто ім пагражае, каму пагражаюць яны, што ядуць, як спяць, дзе жывуць.

Асобная секцыя музея гаворыць пра гарады, якія маюць на гербах вавёрак. Асабліва шмат такіх у Расеі, таксама ёсць падобныя гарады ў Фінляндыі, Італіі, Францыі, Нямеччыне і іншых краінах. Ёсць у музеі і жывыя вавёркі — адразу на пачатку экспазіцыі ў клетцы турыстаў вітаюць дзве чылійскія вавёрачкі, якія, як аказалася, лепей пераносяць пакаёвую беларускую тэмпературу, чым іх беларускія суродзічы, якія патрабуюць вяртання ў жывую прыроду. Адзін з экскурсаводаў у музеі — вядомы бераставіцкі краязнаўца Мікола Пацэнка, з якім былі знаёмыя Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і іншыя славутыя дзеячы. Акрамя роднай беларускай мовы, на якой аформлены ўсе экспанаты і вядуцца экскурсіі, можна замовіць і экскурсію па-ангельску.

Бераставіца — цудоўнае месца, каб правесці вольны дзень. А музей Вавёркі не мае аналагаў у Еўропе. Экспазіцыя папаўняецца новымі рэчамі. Прычым часам у гэтым дапамагаюць звычайныя людзі, якія адшукалі нейкую нешараговую выяву ці фігурку вавёркі.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Вялікая Бераставіца