Мядзельскі кляштар кармелітаў – помнік архітэктуры 18-га стагоддзя



Мядзел – даўняе мястэчка Ашмянскага павету гістарычнай Віленшчыны, дзе быў старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Сёння гэта раённы цэнтр Менскай вобласці. Найбольш адметны архітэктурны помнік места – старажытны барокавы комплекс былога кляштару кармелітаў з касцёлам Маці Божай Шкаплернай, які залічаецца да 18-га стагоддзя. Фундатарам забудовы выступіў уладальнік Старога Мядзела Антон Кошчыц. 

Пэўны час архітэктурны комплекс быў уніяцкім кляштарам, а ў 1866 годзе быў пераабсталяваны ў праваслаўную царкву, падчас чаго роспісы на сценах касцёла былі зафарбаваныя белым. З 1920 года касцёл зноў стаў каталіцкім. А пасля Другой сусветнай вайны храм зачынілі і перадалі ў карыстанне мясцовым “калгаснікам” – ні то сяльгасхіміі, ні то сяльгастэхніцы.

У 1989 годзе ў час перабудовы касцёл вярнулі вернікам, а ў парафію вярнуліся айцы-кармеліты.

Забудова барокавага касцёла, які сёння знаходзіцца ў вельмі дагледжаным стане, датуецца 1754 годам. Муры кляштару і плябаніі спакваля таксама аднаўляюцца.

У даведкавай літаратуры цяперашні Мядзельскі касцёл Маці Божай Шкаплернай часта блытаюць з колішнім касцёлам Святога Станіслава, які насамрэч стаяў на месцы, дзе зараз мясцовая рэстарацыя. Той драўляны касцёл згарэў у апошнюю вайну і ад яго нічога не засталося.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара