На Мухаўцы ў Берасці можа з’явіцца плаваючы фантан



На сайце дзяржзакупак з’явілася інфармацыя пра закупку плаваючага фантана на аб’ект “Будаўніцтва набярэжнай у Берасці…”. Заказчыкам з’яўляецца камунальнае ўнітарнае прадпрыемства “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Берасцейскага гарадскога ЖГК”, а арыенціровачны кошт закупкі складае каля 75 тысячаў беларускіх рублёў. На адным з мерапрыемстваў па ўпарадкаванні набярэжнай імя Францыска Скарыны старшыня Берасцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук запэўніваў што “…ужо да канца гэтага года набярэжную вы не пазнаеце”:

– Мы і надалей будзем развіваць нашу набярэжную. Да 1 жніўня мы яе ўжо ўвядзём у эксплуатацыю да вуліцы Леніна. Сінхранізавалі два праекты – гарадскі сад і набярэжную, таму тут будзе добры выхад у цэнтр горада, да крэпасці і так далей.

На сайце электроннай біржы пазначана, што аўкцыён пакуль не адбыўся. Рэканструкцыя набярэжнай праводзіцца ў межах падрыхтоўкі Берасця да 1000-годдзя, якое адсвяткуюць у верасні.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота fontangrad.ru