Нацыянальны аэрапорт Мінск запускае праграму „Тайны пасажыр”



Нацыянальны аэрапорт Мінск запускае праграму маніторынгу якасці паслуг „Тайны пасажыр-2018”.

Праграма дапаможа даведацца пра меркаванні, водгукі і пажаданні людзей, якія скарысталіся паслугамі Нацыянальнага аэрапорта. „На падставе атрыманай інфармацыі адміністрацыя зможа прымаць аператыўныя рашэнні па паляпшэнні якасці абслугоўвання, робячы аэрапорт больш камфортным, бяспечным і гасцінным”, – адзначылі прадстаўнікі аэрапорта.

Удзельнікамі праграмы могуць стаць ініцыятыўныя пасажыры, зацікаўленыя ў павышэнні якасці сэрвісу ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.

Для афіцыйнай рэгістрацыі ў якасці ўдзельніка трэба скласці заяўку на ўзор, што размешчаны на сайце аэрапорта і адправіць яе на адрас [email protected] Зарэгістраваны ўдзельнік будзе запаўняць чэк-ліст пасля кожнага палёту (вылет або прылёт) праз Нацыянальны аэрапорт Мінск любой авіякампаніяй. Чэк-ліст складзены па сістэме пяцібальнай ацэнкі, што прымяняецца ў даследаваннях Міжнароднага савета аэрапортаў (ACI).

Пасажыраў папросяць ацаніць мытны і пашпартны кантроль, перадпалётны надгляд, абслугоўванне пасля прылёту (дастаўка з борта да будынка тэрмінала, выдача багажу і г.д.) і інш. Удзельнікі праграмы таксама змогуць падзяліцца меркаваннем аб недахопах і добрых складніках сэрвісу Нацыянальнага аэрапорта Мінск у параўнанні з іншымі аэрапортамі і выказаць прапановы па паляпшэнні якасці абслугоўвання.

Мэтай праграмы стане паляпшэнне сэрвісу ў адпаведнасці з лепшымі міжнароднымі практыкамі аэрапортаўскіх паслуг і чаканнямі кліентаў Нацыянальнага аэрапорта Мінск.

Пра падрабязнасці праграмы „Тайны пасажыр” можна даведацца на сайце аэрапорта.

belta.by