Неапаль, Кастль-дэль-Ова. Сярэднявечны горад у мініяцюры



Спачатку гэта была бязлюдная камяністая выспа, дзе нічога не расло. Дзве тысячы семсот гадоў там высадзіліся грэчаскія каланісты, якія і заснавалі на выспе Неапаль. Па хуткім часе горад перасунуўся на ўзбярэжжа, а выспа стала прычалам. Рымскі ваеначальнік Лукул ацаніў прывабнасць выспы і збудаваў тут шыкоўны палац.

Ішоў час, лукулаў палац перабудавалі ў абарончую спаруду, якая ў познерымскія часы стала сапраўднай фартэцыяй. Куды пасля развалу Рымскай імперыі туды быў сасланы апошні іператар, малалетні Ромул Аўгусцін. Пасля яго смерці на тым месцы паслядоўны месціліся манастыр, рынак, турма і зноў фартэцыя.

У сярэдзіне ХІІ ст. слаўны кароль Роджэр Сіцылійскі пазносіў парэшткі старарымскіх муроў і збудаваў на іх месцы Кастль-дэль-Ова, то бок “Замак Яйка”. Адкуль назоў? Лічылася, што старарымскі паэт Вергілій, які ў сярэднявечнай Італіі меў рэпутацыю вялікага магам кшталту Мерліна, схаваў у замкавах сутарэннях чароўнае яйка, і калі яйка разаб’ецца, разбурыцца і замак, і сам Неапаль.

За дзевяцьсот гадоў фартэцыя паспяхова вытрымала з тузін аблогаў. За магутнымі мурамі месцілася каралеўская скарбніца, суд і турма, а ў дворыку страчвалі асуджаных. Класічны сярэднявечны замак дайшоў да нашых часоў без асаблівых зменаў.

Сённяшняя фартэцыя нагадвае хутчэй не абарончую спаруду, а мініяцюрны сярэднявечны горад. Брукаваныя вуліцы, лабірынты крывых завулкаў з тупікамі, абарончыя муры з надбудаванымі зверху жылымі пакоямі, пераробленыя з арсеналаў музейныя залы. Пра старарымскую спадчыну сведчыць нкалькі калонаў з дарычнымі ордэрамі, пра турэмную – колькі турэмных казематаў, пра абарончую – з тузін гарматаў.

А з апошняга яруса адкрываецца карказломны краявід з Везувіем. Напэўна, Везувій – гэта адзінае, што не змянілася вакол Кастль-дэль-Ова з часоў яго пабудовы.

Калі не браць пад увагу чароўнага яйка, схаванага Вергіліем у замкавых сутарэннях.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара