Некропаль старажытных Афінаў як сымболь заняпаду



Пра пыхлівасць афінянаў у часы росквіту Афінскай рэспублікі напісана шмат яшчэ антычнымі аўтарамі. Але ж жыхарам знакамітага старагрэцкага поліса, як відно з іх надмагілляў, хацелася славы і пашаны і пасля смерці.

Вось вершнік, які геройскі захоплівае ў рабства варвара. Вось звераваты атлет, які і пасля смерці лякае сталёвай мускулатурай. А вось цэлая кампазіцыя, асалода для прыхільнікаў ЛГБТ: двое аголеных хлопчыкаў у інтымных абдымках і чацьвёра маленькіх прыгажуноў, якія падаюць віно і закуску…

Характэрна, што зацятыя канкурэнты афінянаў з суседняе Спарты, дзе дзяржаўны лад быў куды прымітыўнейшы за афінскую дэмакратыю, не ставілі сваім нябожчыкам раскошных надмагілляў: яны праводзілі час у мілітарных трэнаваннях, рытуальных забойствах ілотаў і бязлітасных войнах з суседнімі полісамі.

У выніку мужныя спартанскія гапліты перамаглі разбэшчаных афінянаў у Пелапанэскай вайне, і з гэтага пачаўся канец афінскай цывілізацыі. Праўда, пераможцы-спартанцы неўзабаве і самі захварэлі на любоў да раскошы, і, як вынік, былі пераможаныя спярша македонцамі, а потым і рымлянамі.

А надмагіллі афінскіх сібарытаў цяпер упрыгожваюць залу Нацыянальнага археалагічнага музея Грэцыі, і міжволі нагадваюць, што дзікія і галодныя заўсёды перамагаюць цывілізаваных і сытых, але разбэшчаных і схільных да пыхі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя