Падарожжы ў Туркестан у зборах гарадзенскага калекцыянера
Адмысловы фотаальбом з падарожжа ў Туркестан захоўваецца ў калекцыі гарадзенскага збіральніка. На здымках — стрыжка бараноў, выпас коз, зборка юрты ды іншыя сцэны штодзённага побыту Туркестану мяжы ХІХ і ХХ ст.
Кажа Алесь, збіральнік гарадзенскай даўніны:
— Гэта збор этнаграфічных здымкаў з тэрыторыі таго рэгіёну, які да рэвалюцыі называўся Туркестанам: Сярэдняя Азія ад Манголіі да Казахстана. На жаль, няма канкрэтыкі дзе дакладна гэта было знята, які гэта год. Мы акрэсліваем як 1900-я гады. Удзельнікі гэтай экспедыцыі невядомыя, але ёсць меркаванні, што гэта маглі быць выхадцы з нашых земляў, бо пасля гэтыя архівы, гэтыя фотаздымкі захоўваліся ў Гародні ў сваякоў ксяндза Курыловіча.
Якім чынам здымкі трапілі ў Гародню і ці ёсць гарадзенцы сярод удзельнікаў экспедыцыі калекцыянер не ведае. Але ён хоча падзяліцца сваёй знаходкай з гарадзенцамі і паказаць гэтыя здымкі на якой-небудзь выставе ў гарадзенскіх музеях.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня