Перліны беларускага Косава



Косаўскі замак у Берасцейскай вобласці мае поўнае права лічыцца адным з самых цікавых і таямнічых ў Беларусі. Вакол яго гісторыі трымціць мноства легенд, пра якія так і хочацца распавядаць дзеткам пры вогнішчы. Калі верыць апавяданням старажылаў, замак пабудаваў у 1838 годзе граф Вандалін Пуслоўскі ў падарунак сваёй каханай жонцы. Ёсць чуткі, што кожны са 132-х пакояў быў абсталяваны ў сваім непаўторным стылі. Былі “блакітны пакой”, “залаты пакой”, “срэбны пакой”, “шкляны пакой”. Адзін з іх меў крыштальную падлогу, у якой плавалі экзатычныя рыбкі. Кажуць таксама, што па калідорах палаца блукаў бяззубы леў і сачыў за тым, каб слугі нічога каштоўнага не скралі. Ёсць легенда, што граф так кахаў сваю графіню, што выконваў кожнае яе жаданне, у тым ліку і летам ствараў зіму… Кажуць , нібыта каля замка слугі насыпалі горы з солі, каб графіня магла слізгаць на санях. Лічыцца, што месца пабудовы палаца таксама было выбрана невыпадкова. Поруч  з ім знаходзіцца ўрочышча Мерачоўшчына з невялікай драўлянай сядзібай, дзе ў 1746-м годзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка. На жаль, лёс не збярог усю веліч і багацце Косаўскага замка. Пасля студзеньскага паўстання 1863-га года замак перайшоў ва ўладанне маскоўскай арысткратыі. Падчас Першай сусветнай вайны яго разрабавалі немцы. У 1929-м годзе палад прыладавалі пад сельскагаспадарчую школу. Значныя знішчэнні прынесла і Другая сусветная вайна. Пасля яе палац перайшоў ва ўладу Дзяржлясфонда. У гэты перыяд адбылося моцнае ўмяшальніцтва ў ландшафт. Вырубаліся каштоўныя і рэдкія віды дрэў. Фальварк Касцюшкі – выпаханы. Азёры высушылі. Паломніцтва турыстаў прымусіла распачаць неабходную рэстаўрацыю. У 2004-м годзе была адчынена адноўленая сядзіба Тадэвуша Касцюшкі. На дадзены момант у палацы таксама трывае рэстаўрацыя. Яе завяршэнне плануецца ў 2015-м годзе.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя Фота аўтаркі