Першая чарга Беларускай антарктычнай станцыі павінна быць пабудавана ў 2019 годзе



Пра гэта паведаміў 8 лістапада журналістам начальнік экспедыцыі Аляксей Гайдашоў.

„У планах Нацыянальнай акадэміі навук – у бліжэйшыя два гады завяршыць будаўніцтва першай чаргі Беларускай антарктычнай станцыі, каб пачынаючы з 2019 года перайсці да круглагадовых мерапрыемстваў, правесці першую зімоўку беларускіх палярнікаў у Антарктыдзе”, – сказаў Аляксей Гайдашоў.

Пры гэтым палярнікі плануюць змантаваць чатыры новыя секцыі Беларускай антарктычнай станцыі падчас 10-й экспедыцыі.

„Дзясятая беларуская экспедыцыя неўзабаве адправіцца ў Антарктыду. Мы прабудзем там да канца лютага – сярэдзіны сакавіка. Запланаваны шырокі спектр навуковых даследаванняў, прадоўжыцца будаўніцтва Беларускай антарктычнай станцыі. У гэты раз мы плануем змантаваць чатыры новыя секцыі. Яны ўключаюць навуковыя лабараторыі, жылыя памяшканні, памяшканні для санітарна-гігіенічных мэтаў „, – сказаў Аляксей Гайдашоў. Сярод іншых задач экспедыцыі – правядзенне навуковых даследаванняў па такіх напрамках, як мікрабіялогія, спадарожнікавыя назіранні ў інтарэсах касмічнай праграмы, геафізічны маніторынг, вывучэнне складу атмасферы, ўльтрафіялетавай радыяцыі, клімату, маніторынг азонавага слою. Даследаванні будуць праводзіцца з выкарыстаннем прыбораў беларускай распрацоўкі.

ej.by