Помнікі забітым чэкістам і міліцыянтам у Гомелі



Адзін з самых цікавых помнікаў чэкістам – гэта агульная магіла ахвяраў Стракапытаўскага мяцежа, які адбыўся ў Гомелі ў сакавіку 1919 года. Тады чырвонаармейцы з Тулы ўзбунтаваліся і пажадалі не ехаць на фронт, а вырашылі расправіцца з бальшавіцкім кіраўніцтвам горада і заснаваць у Гомелі Рускую народную рэспубліку. Чэкісты разам з гарадскім кіраўніцтвам і прадстаўнікамі інтэрнацыянальных брыгад (кітайцы, сербы, немцы) абараняліся ў гатэлі „Савой”. Цікава, што штурмавалі „Савой” сапраўды чырвонаармейцы, хоць пасля паўстанне назавуць „белагрвардзейскім”.

Па адной версіі ў магіле 25 чалавек, па іншай – сто. Апрача аблогі гатэля „Савой” падчас мяцяжа ў горадзе адбываліся габрэйскі пагромы, гамельчукоў забівалі на вуліцах і на вакзале. 

Помнік быў рэканструяваны ў 80-ыя гады. На папярэдняй версіі помніка 1949 года было больш прозвішчаў і былі імёны, а не ініцыялы. Напрыклад, было напісана не „Каганская П.”, а „Песя Каганская”. Няма цяпер на помніку і кітайскіх прозвішчаў, хоць вядома, што каля гатэлю „Савой” былі забітыя пяць кітайцаў.

Магіла чэкістаў месціцца на вуліцы імя аднаго з закатаваных – 23-х гадовага прапагандыста Мікалая Білецкага (Паўла Язерскага), рэдактара газеты «Известия Ревкома г. Гомеля и уезда».  Побач з магілай будынак КДБ. Насупраць магілы – помнік Феліксу Дзяржынскаму. 

Помнік Дзяржынскаму таксама перароблены ў 80-ыя гады, папярэдні помнік – бюст, стаяў значна бліжэй да будынка КДБ. 

А гэта мемарыяльная шыльда на старым ўнівермагу, у аснове якога рэшткі шыкоўнага гатэлю „Савой”, дзе 3 дні абараняліся чэкісты ад п’яных тульскіх чырвонаармейцаў.

Вуліца, на якой стаіць ўнівермаг, мае імя Камунараў, а да 1919 года называлася Мясніцкай. 

На гэтай жа вуліцы Камунараў – сучасны помнік загінулым міліцыянтам. 

Беларускае Радыё Рацыя