Прывабная імпершчына італійскага Бацькі



Імперскі стыль у архітэктуры нялюдскі, па сутнасці. Прынамсі, на постсавецкай прасторы. Суворыя статуі на вежах Менскай брамы, залачоныя цёткі знакамітага фантана маскоўскага ВДНГ, хіжыя шпілі сталінскіх высотак – усё гэта цісне на мозг і паралізуе волю.

Але архітэктурная імпершчына можа быць чалавечнай і нават вясёлай. Прынамсі, такая нечаканая думка міжволі ўзнікае пасля знаёмства з манументам Вітарыяна, што на рымскай плошчы Венецыі.

Назву сваю манумент атрымаў у гонар італійскага караля Віктара Эмануіла ІІ, які пры жыцці меў тытулы “аб’яднальніка Італіі” і нават “Бацькі” (апошняе вызначэнне звычайна ўжывалася ў самым шырокім спектры – ад “Бацькі ўсіх італійцаў” і да “Бацькі Айчыны”). “Манумент Вітарыяна”, па сутнасці, – вялізная конная статуя караля і шалёных памераў мармуровы палац, які выконвае ролю фона для самой статуі. Бясконцыя барэльефы са старарымскай гісторыі, статуі ў тэатральных позах і Вечны агонь, які ахоўваюць несур’ёзна-ганарлівыя істуканы, больш падобныя да персанажаў з оперы Пучыні, чым да салдат ганаровай варты…

Манумент выклікае няўлоўныя асацыяцыі са святочным сталом: традыцыйная італійская сям’я ў зборы, герой урачыстасцяў праменіцца ад шчасця, і вось на стол стаўляюць торт – крэмавы манумент Вітарыяна: цукровыя калоны, марцыпанавыя салдацікі і шакаладны Бацька Нацыі.

Сіньёры, ва ўсіх наліта? То вып’ем за вясёлую архітэктурную імпершчыну! Зараз сэлфі на фоне манумента Вітарыяна і – разбіраем гэты архітэктурны торт па талерках.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара