Прывітанне, Чылента! Або прыгоды беларускай вазочніцы ў Італіі



Італія даўно была ў спісе задуманых падарожжаў. Цяжка вызначыцца, што ў гэтай краіне варта паглядзець найперш… Рым з яго разлітай у паветры гісторыяй і прыгажосцю? Фларэнцыю, дзе пахаваны знакаміты твой зямляк М. К. Агінскі? Бары, дзе маецца цудоўны храм святога Міколы, мора і шыкоўныя зялёныя аліўкі?

З чагосьці трэба пачынаць… Так, абмяжоўвае бюджэт (прамыя рэйсы Менск-Рым-Менск каштуюць мінімум 276 еўра, а рэйс Менск-Неапаль-Менск з перасадкай у Маскве пацягне на ўсе 400!) Абмяжоўвае інвалідны вазок, які вымагае спецыфічных умоваў перамяшчэння… У рэшце рэшт, да пэўнага маршруту падштурхнулі асабістыя кантакты і акцыі бюджэтных авіякампаній.

Коўна-Неапаль-Коўна за 80 еўра летам спакусілі паляцець у Неапаль восенню – зірнуць на Везувій і з’ездзіць у госці да Алены Ліс, з якой мы амаль выпадкова пазнаёміліся і пасябравалі 1000 год таму, у самым пачатку інтэрнэтнай эры. Проста жыла на Філіпінах поўная твая цёзка і мела ЖЖ. Яе мама, што ўжо каля 20 год жыве на поўдні Італіі, мела блог і аднойчы завітала ў Залессе развіртуаліцца з пачкам італьянскай кавы і расповедамі пра далёкую цёплую краіну.    

У Італі ёсць такая фішка як Sala Blu. На любым чыгуначным вакзале можна набыць квіток і за 24 гадзіны папярэдзіць, што ехаць будзе вазочнік і яму патрэбна дапамога (“асістэнца” – важнае слова!) для пасадкі ў вагон. Па вялікім рахунку, сесці ў прыстасаваны вагон з пазнакай інваліднага вазка зусім не цяжка. Галоўнае, каб яго прычапілі да патрэбнага саставу… Але калі ваш рэйс затрымліваецца на 40 хвілін, потым вы ловіце таксі і едзеце да Цэнтральнага чыгуначнага вакзала на пьяцца Гарыбальдзі (амаль ноч, апошні цягнік ў патрэбным накірунку!), калі вы яўна спазняецеся… На пероне сустракаюць дзядзечкі з “асістэнцы” і спакойна суправаджаюць літаральна ў апошні вагон. Цягнік чакае вас і, канечне, спазняецца. Фантастыка.

Мы едзем у Агропалі, хоць і гэта не апошняя кропка маршруту ў той доўгі, дзіўны дзень. Што такое Чылента, ты пачынаеш разумець ужо тады, калі на вакзале Агропалі цябе сустракаюць усмешлівыя хлопчыкі з мясцовай асістэнцы (школьнікі-валанцёры?) і сеньёр Франчэска. Едзем на гару. Сан-Марціна. Ужо ноч. Ні халеры не бачна, але вушы чамусьці закладвае. Вясковыя дарожкі, дынамічныя павароты. На хаду знаёмімся, размаўляем і Франчэска замаўляе нам мясцовую піцу. Зроблена ў старой вясковай печы на дровах. Смачная, асабліва з баклажанамі… Прывітанне, Поўдзень!

Каменныя дамы на гары – іх нельга зносіць і будаваць штосьці новае. Толькі рэстаўрацыя, толькі хардкор… Затое ёсць рэальны шанец набыць аўтэнтычны дамок без ацяплення з шыкоўнымі відамі на марское ўзбярэжжа і пасяліцца ў прыгожых мясцінах. Да экалогіі таксама ніякіх пытанняў: Laureana Cilento знаходзіцца ў нацыянальным парку і дыхаецца тут лёгка! Ніякай вытворчасці – толькі сельская гаспадарка і турызм. Кошт пытання – 200 тысяч еўра. Пазней можна атрымаць 50 % сумы ад дзяржавы – кампенсацыя для “рамонта” дома.

І хай сабе гэта будзе каменны дом у італьянскай вёсцы, дзе зімой вы будзеце мерзнуць (або плаціць 2000 еўра на месяц за газавае ацяпленне!), але тут маюцца два бары, шыкоўная джэлатэрыя, пару крамаў, гатэль, замак 9 ст., кляштар св. Францішка, побач з якім ладзяцца шматлікія фэсты… І вельмі цікавыя людзі. Кожны са сваёй гісторыяй.

[Not a valid template]

Дар’я Ліс для Беларускага Радыё Рацыя

Фота аўтара