«Радыёактыўны палац» у Дзям’янках
Палац ХІХ стагоддзя ў эклектычным стылі, які знаходзіцца ў Добрушскім раёне, параўнальна добра захаваўся. Нягледзячы на ахоўны статус помніка архітэктуры, а таксама цікавую гісторыю, гістарычны будынак у вёсцы Дзям’янкі не ўключаецца ў турыстычныя маршруты. Прычына — ён знаходзіцца ў адным з найбольш забруджаных радыяцыяй раёнаў Гомельшчыны.
Вёска Дзям’янкі была выселеная ў першыя гады пасля катастрофы на ЧАЭС. Сёння ў гэтай частцы зоны адчужання пражываюць усяго два жыхары. Адна з іх — 80-гадовая Ганна Новікава. Жанчына нарадзілася ў Дзям’янках, перажыла тут ІІ Сусветную вайну, Чарнобыль і эвакуацыю аднавяскоўцаў.
Ганна Новікава:
— Адкуль паходзіць назва Дзям’янкі, каб я ведала. Сама вёска ўпершыню згадваецца ў 1560-м годзе. Ужо тады ў Дзям’янках было 146 дамоў, у якіх жылі 273 чалавекі…
Дзесьці ў 2015 годзе практычна ўся старадаўняя вёска знікла, але не з-за наступу прыроды, а пад каўшамі экскаватараў.
З мноства пабудоваў, якія захаваліся ў вельмі добрым стане, але не перажылі разбурэнне 2015 года, нагадваць нашчадкам пра былую веліч Дзям’янак будзе хіба што палац сям’і латышскіх дваранаў Герардаў. Прадстаўнікі гэтага роду дабіліся высокага палажэння ў іерархіі Расейскай Імперыі. Апошні ўладальнік сядзібы ў Дзям’янках Мікалай Мікалаевіч Герард нават быў нейкі час губернатарам Фінляндыі.
Старажылы з цеплынёй згадваюць Мікалая Герарда, памяць пра якога ім перадалі бабулі і дзядулі.
Сёння палац Герардаў знаходзіцца ў занядбаным стане. Нягледзячы на шыльдачку «Помнік архітэктуры», сядзіба працягвае разбурацца.
«У прошлым годзе я бачыў праўнука Мікалая Герарда, які прыязджаў паглядзець маёнтак свайго знакамітага продка. Ён мне сказаў, што адновіць палац і прыедзе жыць. Калі я заўважыў, што Дзям’янкі — забруджаная радыяцыяй тэрыторыя, ён адказаў, што яму ўсё адно. Бо ягоныя продкі тут жылі, значыць, і ён будзе жыць тутака», — распавядае мясцовы жыхар. Не толькі час і нядбайнасць разбураюць палац. У мінулым годзе, як сведчаць былыя жыхары Дзям’янак, хтосьці скраў уязную браму ля доміка вартаўнікоў. Злодзеям не перашкодзілі рэалізаваць злачынную задуму ані радыяцыя, ані ахоўны статус будынка.
Яшчэ ў 2015 годзе тут была металічная агароджа, якая знікла ў невядомым напрамку.
Домік вартаўнікоў ХІХ ст.
«Калі разглядаць сядзібу ў кантэксце гомельскіх наваколляў, то гэта быў найбольш яскравы помнік з вялікай гісторыяй. На сёння выкарыстанне яго пад вялікім пытаннем. Сядзіба Герардаў з’яўляецца месцам экстрэмальнага турызму. Паводле маёй інфармацыі, мясцовыя ўлады нават задумваюцца пра тое, каб зняць гэты будынак з рэестру ахоўных аб’ектаў, бо догляд за ім, як таго патрабуе заканадаўства, — суцэльны галаўны боль», — разважае архітэктар Сяргей Ляпін.
Палац Герардаў захоўвае мноства легендаў. Некаторыя з іх маглі б стаць асновай для стварэння міфаў, якія так любяць аматары экстрэмальнага турызму.
Мясцовыя распавядаюць, што пасля бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 года з уласнікам сядзібы здарылася некалькі няшчасных здарэнняў, якія паўплывалі на ягонае рашэнне аб ад’ездзе.
«У Мікалая Герарда было двое дзяцей. Сын і дачка. Дык вось, дачка ягоная закахалася ў нейкага афіцэра, які падтрымаў рэвалюцыю бальшавікоў. Бацька, вядома, быў супраць такіх стасункаў. Дзяўчына тады ўзяла пачак цыгарэт, села на ўлюбёнага белага каня і з’ехала ў невядомым напрамку. Яе доўга шукалі, пасля чаго выпусцілі чорнага жарабца, які і прывёў родных паненкі да месца самазабойства. Паненка застрэлілася з-за няшчаснага кахання, каля яе ляжаў напалову пусты пачак папіросаў. І побач стаяў прывязаны белы конь», — колькі праўды ў гэтай вуснай гісторыі, цяжка сказаць.
Але факт у тым, што памешчык паставіў сваёй дачцэ каля палаца мармуровае надмагілле і пабудаваў склеп. Гэты склеп некалькі разоў рабавалі, але, як сцвярджаюць дземя’нкаўцы, усіх вандалаў напаткаў гаротны лёс.
64-гадовы дзядзька Саша пагадзіўся стаць экскурсаводам. Ягоны дзед працаваў у Герарда конюхам. Паводле ягоных расповедаў, характар у пана быў вельмі добры, за што яго любілі ўсе навакольныя сяляне. «Цудоўны мужык быў той Герард. Мой дзед яму часта дапамагаў па гаспадарцы. Заб’е якога парсюка, а Мікалай Мікалаевіч яму кажа, каб ён сабе пару рабрынаў з тушы адсек для дзяцей. Але абавязкова ціха, каб пані не ўбачыла. Бо пані шкадлівая была цётка…», — згадвае дзядзька Саша.
Кажуць, што пасля рэвалюцыі нейкія людзі ад пана інкогніта вярнуліся ў Дзям’янкі, каб забраць схаванае пад ліпай золата. У закапаным бачонку было ля 40 кг упрыгожанняў. Але нехта данёс уладам, якія і канфіскавалі гэтыя каштоўнасці. Далейшы лёс скарбаў Герардаў невядомы.
Рамантычны мост ХІХ ст., які быў збудаваны М. Герардам ля сажалкі.
У цяперашні час палац выглядае нібыта жывая ілюстрацыя да „Кнігі джунгляў” Р. Кіплінга. Паступова багатая расліннасць поўдня Беларусі адваёўвае прастору. У самім будынку, які перажыў некалькі рабаўніцтваў, пажары і Чарнобыль, практычна нічога не засталося. У адной з кутніх вежаў засталася паўразбураная металічная лесвіца ў стылі мадэрн, якую так любяць фатаграфаваць гомельскія сталкеры. Калі ніякіх дзеянняў па рэстаўрацыі палаца не прымаць, то гэты ўнікальны будынак ужо ў бліжэйшай будучыні будзе страчаны.
Руіны інтэрната для дзяцей-сіротаў, пабудаванага ў савецкі час.
Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель-Дзям’янкі
Фота: Юлія Сівец