Выспа Руген – працяг



Як толькі мы зыдзем са стогадовага цягніка на станцыі „Паляўнічы Замак”, застанецца прайсці па букавым лесе ўздымаючыся ўгору да былой сядзібы князя Вільгельма Мальтэ першага. Хвілінаў 20-25 уздыму пешшу, і вы апынаецеся каля замку. Слова „замак” выглядае больш метафарычна. З беларускіх аб’ектаў яго можна параўнаць з Косаўскім палацам Казімера Пуслоўскага. І па стылю і па часе пабудовы. Адзінае, што „наш палац” у разы тры выглядае большым.

„Замак” у стылі неаготыкі, пабудаваны ў 1846 годзе. Адным з гасцей быў канцлер Прускага каралеўства Ота Бісмарк. Інтэрʼер цалкам адпавядае тэме палявання, уласна, дзеля чаго і назвалі „замак паляўнічым”. Аздоблены партрэтамі і бюстамі ўладальнікаў і міфічных персанажаў класічнай Грэцыі.

У замку знаходзіцца цэнтральная вежа, якая мае назву Шынкеля. Гэта аглядная вежа: яе вышыня 40 метраў. Кожны турыст, пад наглядам музейных служачых, можа ўзняцца па чыгуннай лесвіцы ды паўзірацца з вышыні на панараму выспы Руген. Замак патанае ў зялёным моры букавага лесу.

Назва вежы ў гонар Карла Фрыдрыха Шынкеля – прадстаўніка гістарычнага рамантызму ў нямецкім дойлідстве. На вежы стаяць арыенціры, каб у добрае надворʼе ўбачыць абʼекты, якія аддалены на дзясяткі кіламетраў.

Працягам вандроўкі будзе агляд нямецкага краю „тысячы азёраў”.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]