Русота: Петрапаўлаўская капліца пры дарозе



Вёска Русота – малапрыкметная мясціна на адлегласці некалькіх кіламетраў ад Гародні на шашы, што вядзе да курортнага і многім ведамага Парэчча. Пры дарозе на ўзвышшы падарожнік тут можа пабачыць драўляную каталіцкую капліцу ў гонар Святых Пятра і Паўла. Стаіць яна на тэрыторыі могілак, пабудавана яшчэ ў 19 стагоддзі, а ў наш час – у 1998 адрэстаўраваная, пазней перафарбаваная.

Па дарозе можа збочыць управа і праехаць у засені шатаў старых дрэў да самой вёскі. На яе ўскрайку звілі сабе гняздо буслы. Гэты куточак выглядае гэткім прыродным зацішкам. Але, калі перавесці позірк правей – зусім непадалёк можна пабачыць трубы прадпрыемства “Азот” – такі моцны панарамны кантраст, які наводзіць на песімізм.

Праехаўшы яшчэ кіламетры два па галоўнай шашы, трапім у тапанімічна роднасную вёску Каменная Русота. Яе назва пішацца па-рознаму на ўказальніках у розных канцах паселішча – “Камянная” і “Каменная” – такая з’ява разнабою дастаткова частая ў сітуацыі нашай агульнай непісьменнасці.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара