Рыбакі – незвычайныя руіны ў лесе



Непадалёк вёскі Рыбакі, што каля самай Смаргоні ў Каранёўскім сельсавеце, можна ўбачыць руіны збудавання часу першай сусветнай вайны. На першы пагляд можа падацца, што гэта рэшткі звычайных абарончых дзотаў, якіх багата на Смаргоншчыне з часу той даўняй вайны. Аднак мясцовыя краязнаўцы сцвярджаюць, што тут, непадалёк берага Вяллі, немцы збудавалі сапраўдную лютэранскую капліцу. Абрысы яе ўгадваюцца праз зараснікі і мох.

Паўсюль у лесе паблізу гэтых руінаў раскіданыя сляды стогадовай даўніны – пустыя гільзы, вайскова-палявое начынне, старыя бутэлькі, рэшткі снарадаў. Заўважна, што тут перыядычна „шчыруюць” чорныя капальнікі ў пошуках нечага больш каштоўнага.

Смаргонская зямля з часу вайны стогадовай даўніны хавае яшчэ многа загадак і пытанняў.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара