Рыека: узнагароды і сцягі вайны за незалежнасць Харватыі



Самай гарачай кропкай Еўропы па стане на 2019 год цягам 5 гадоў з’яўляецца Украіна. Аднак людзі, якія называюць Расею адзіным агрэсарам у Еўропе пасля ІІ Сусветнай вайны, проста распісваюцца ў няведанні гісторыі. Яшчэ задоўга да анэксіі ўкраінскага Крыма ў 2014-м, да акупацыі часткі ўкраінскага Данбасу з удзелам рэгулярных вайсковых часцей Расейскай Федэрацыі, у Еўропе адбываўся падзел тэрыторыі. Як можна забыць вайну на Балканах у 90-х? Тады мілітарызаваныя часткі харвацкіх і баснійскіх сербаў пры дапамозе Сербіі, якой кіраваў Слабадан Мілошавіч, развязалі вайну супраць Босніі і Герцэгавіны з Харватыяй, якія раней абвясцілі незалежнасць ад Югаславіі. Харваты і баснійцы, нягледзячы на свае шматлікія супярэчнасці, здолелі дамовіцца, хоць дзеля гэтага спатрэбіўся і ціск адміністрацыі ЗША. Затым пачалося змаганне з сербскімі войскамі, якія акупавалі частку Босніі і Герцэгавіны і Харватыі, на тэрыторыі апошняй акупанты стварылі «Рэспубліку Сербска Краіна». Геройства харвацкіх змагароў за незалежнасць увайшло ў гісторыю, найперш дзякуючы вайсковым аперацыям «Бліскавіца» (Bljesak) і «Бура» (Oluja). Сама вайна ў Харватыі называецца «Айчыннай» (Domovinski rat).

Рыека знаходзіцца ў Прыморска-Горскай жупаніі, у заходняй Харватыі. Асноўны тэатр баявых дзей падчас Айчыннай вайны праходзіў не тут, а на ўсходзе, дзе знаходзяцца Кнін, Вараждзін, Вукавар, Осіек. Аднак байцы з заходніх Спліту і Рыекі прымалі актыўны ўдзел у абароне Харватыі. У Рыецы для абароны харвацкай незалежнасці ад Югаслаўскай народнай арміі былі створаны спецыяльны атрад паліцыі «Айкула» і 111-я брыгада Харвацкага войска. Пасля сур’ёзных баёў тут стварылі і 128-ю брыгаду. ЮНА блакавала порт Рыекі, але ў выніку з гэтага нічога не атрымалася.

Байцы з названых фармацый бралі ўдзел у баях за Осіек, Госпіч, Дуброўнік і іншыя гарады. 53 ваяры 111-й брыгады, 26 са 128-й і 8 з «Айкулы» загінулі ў баявых аперацыях і пры размінаванні гарадоў пасля вайны. І гэта не лічачы параненых і тых, хто ў выніку застаўся інвалідам. Роўна праз год будзе адзначацца 25-годдзе аперацыі «Бура» (4-7 жніўня 1995 г.), якая вызваліла 18,4% тэрыторыі Харватыі. Пасля яе была вызваленая апошняя з захопленых сербамі тэрыторый — Усходняя Славонія з цэнтрам у горадзе Вукавар. Імёнамі некаторых байцоў названыя вуліцы харвацкіх гарадоў. У Гарадскім музеі Рыекі ў адмысловай экспазіцыі «На абароне Айчыны» (U obrani Domovine) можна сустрэць імёны загінулых, штандары і форму брыгад, падрабязнае, месяц-за-месяцам, апісанне баявых дзеянняў, узнагароды вайскоўцаў, мноства фатаграфій перад і пасля незалежнасці, баявых дзеянняў, відэаздымкі. У музей прыходзяць і нашчадкі загінулых барацьбітоў, якія на прыкладзе ўласнае сям’і зразумелі, як часам цяжка бывае адстаяць сваю Незалежнасць. Але ў 4-мільённай Харватыі намагаюцца захаваць памяць пра вайну за свабоду сваёй бацькаўшчыны.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Рыека, Харватыя

Фота аўтара