Рым, Кампа дэі Фіоры. Тут спалілі Джардана Бруна



У наш час дысідэнтам лепяць “суткі” і абкладаюць штрафамі. У Савецкім Саюзе іх кідалі ў турмы і спецпсіхушкі. А ў Сярэднявеччы дысідэнтаў, здаралася, палілі жыўцом. Але ж дысідэнцкі рух у тыя часы быў пераважна рэлігійным.

Пра рэлігійнага дысідэнта Джардана Бруна чулі нават тыя, хто не ведае сэнсу слова “дысідэнт”. На ўсялякі выпадак нагадаем. Гэты манах-філосаф дамініканскага закона лічыўся небяспечным ерэтыком і вальнадумцам, за што і быў спалены ў цэнтры Рыма, на Кампа дэі Фіоры, што ў перакладзе з італійскай азначае “Плошча Кветак”.

Сённяшняя Кампа дэі Фіоры – каралеўства гандлю. Такой гэтая плошча, напэўна, была і за часамі Свяцейшай Інквізіцыі. Хаатычная сярэднявечная забудова, вулічныя музыкі, дробныя крымінальнікі і процьма гандлёвых яткаў, дзе гандлююць рыбай, гароднінай, пастай і свойскімі вінамі. Між яткаў бадзяюцца нахабныя італійскія каты, у вясёлых рымскіх нябёсах лётаюць тлустыя галубы, а прадавачкі крычаць так, што іх можна пачуць і на суседніх вуліцах.

А на ўвесь гэты гармідар паглядае каменны Джардана Бруна, помнік якому паставілі ў 1889 годзе акурат на тым месцы, дзе ён і быў спалены. Каменны дысідэнт няўлоўна выдае ці то суворага інквізітара, ці то бязлітаснага ката.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара