Рым. Парк Культуры і адпачынку імя князя Баргезэ



Натуральна, у турыстычных даведніках гэтае месца называецца інакш: “ландшафтны парк вілы Баргезэ”. Але ўражанне, якое ўзнікае пасля шпацыраў паркавымі сцежкамі – акурат як пасля наведвання якога Парку Чалюскінцаў у Менску.

Па алейках гуляюць чысценькія італійскія пенсіянеры. Паравозік з цацачнымі вагончыкамі возіць шчаслівых дзетак. З трэйлераў гандлююць пап-корнам, а з дынамікаў на слупах голасна шугае жыццярадасная папса. Для поўнага падабенства бракуе хіба што камсамолкі з вяслом, але ў Рыме, на шчасце, іншыя эстэтычныя ўпадабанні: алейкі рытмічна прасякаюць цені статуй казланогіх сатыраў і алімпійскіх атлетаў…

За часамі антычнага Рыма на гэтым месцы месціліся сады Лукула. Потым зямлю забудавалі,  потым збудаванае разбурылі, каб насадзіць вінаграднікі,  пакуль іх не выкупіў кардынал Сціпіён Баргезэ, мецэнат і знаўца антычнага мастацтва. Ён і загадаў стварыць тут парк і збудаваць палац.

Акурат Галерэя Баргезэ, якая месціцца ў тым палацы, і прымушае забыцца на ўсе папярэднія асацыяцыі з савецкімі “зонамі адпачынку”. Галерэя Баргезэ – гэткі мармуровы куфэрак з незлічонымі сюрпрызамі. Берніні і Караваджа. Рафаэль і Леанарда. Антычныя мармуры і сярэднявечныя мазаікі.

Шляхетны стыль і рымскі шарм, якога так бракуе парку…

Але фатаграфаваць усярэдзіне Вілы Баргезе катэгарычна забаронена. Так што наконт шляхотнасці, шарму, Берніні і Рафаэля шаноўнаму паньству давядзецца проста паверыць мне на слова…

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя