Рым, Тэатр Марцэла: памяць дыктатара і шклопакеты на антычных камянях



Кожны дыктатар мае патаемную мару – абяссмерціць сваё імя праз датычнасць да якога-небудзь “аб’екта культуры”. Гітлер рэгулярна наведваў вагнераўскі фестываль у Байрэйце. Мусаліні меў сантымент да неаімперскай архітэктуры. Маа Цзэдун лічыўся знаўцам балета.

Традыцыя гэта відавочна не новая. Яшчэ дзве тысячы гадоў таму Гай Юлій Цэзар вырашыў пакінуць пасля сябе добрую памяць будаўніцтвам тэатра. Тэатр Марцэла, названы Цэзарам у гонар свайго пляменніка, Марка Клаўдзія Марцэла, стаў самым вялікім у тагачасным Рыме і, да пабудовы Калізея – напэўна, самым наведвальным месцам горада на Тыбры. Дабудоўвалі той тэатр, праўда, пры наступным рымскім дыктатары – імператары Актавіяне Аўгусце.

Але менш чым праз трыста гадоў рымляне вырашылі, што драматургія ім непатрэбняя, і тэатр пачалі паціху расцягваць на каменныя блокі. У часы змрочнага сярэднявечча культурных людзей паменшыла, а ваяўнічых – пабольшала, і Тэатр Марцэла перабудавалі ў фартэцыю. Праўда, праз колькі стагоддзяў норавы змягчыліся, і на верхнім ярусе надбудавалі жылы паверх.

На апошнім паверсе Тэатра Марцэла і пагэтуль жывуць людзі. Кватэры там цалкам сучасныя: са шклопакетамі, кандыцыянерамі, хуткасным інтэрнэтам і найноўнымі сістэмамі відэакантроля. Цікава, а ці згадваюць жыхары тых кватэраў – з якой мэтай Цэзар будаваў тэатр-дом, у якім яны жывуць?

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя