Рым, выспа Тыберына: труп тырана, шпіталь і кінафестываль



Выспа Тыберына, якая знаходзіцца акурат пасярод Тыбра, здавён мела ў Рыме паганую рэпутацыю. Лічыцца, што выспа гэтая – труп манарха Тарквінія Пыхлівага, гвалтаўніка і садыста. Паводле папулярнага міфа, апошняга рымскага манарха скінулі ў раку абураныя гараджане, і каралеўскія парэшткі адразу абляпілі муля і бруд. Відаць, бруду ў Тыбры сапраўды было забагата – даўжыня Тыберыны цяпер сягае амаль чвэрці кіламетра.

Рымляне за часамі Рэспублікі не любілі дыктатуру і дыктатараў, і з гэтай прычыны на Тыберыне некалькі стагоддзяў ніхто не сяліўся. Але падчас эпідэміі чумы, якая выкасіла ці не палову Вечнага Горада, на выспе заўважылі змяю, якая выпаўзла з-пад чоўна. Прымхлівыя рымляне палічылі гэта знакам бога медыцыны Эскулапа і паставілі там храм.

У сучасным Рыме гэтая выспа вядомая шпіталем св. Джавані і кінафестывалем “Выспа кіно”, які адбываецца штогод у лютым. А пра легенды Тыберыны нагадвае хіба што антычны мост Фабрычыа, аздоблены чатырма старарымскімі гермамі з выявамі Януса.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара