Рымскі іпадром. Гульня ўяўлення



Цяпер тут бадзяюцца наркаманы, п’янтосы і іншыя антысацыяльныя асобы, а гараджане выгульваюць сабак. А раней тут быў Circus Maximus – найбольшы іпадром антычнага Рыма. Гонкі на квадрыгах, шалёныя жарсці, інтрыгі двара і імперскі бляск: кожны, хто глядзеў галівудскі баявік “Бен-Гур” ці яму падобны, можа скласці карціну таго, што адбывалася тут каля дзвюх тысяч гадоў таму.

Вялікаму Цырку пашэнціла куды менш, чым Калізею, Пантэону ці Храму Весты, які ўзвышаецца зусім побач. У сярэднявеччы антычныя руіны расцягнулі на цэглу, а егіпецкія манументы, якія ўпрыгожвалі арэну, цяпер аздабляюць цэнтр Рыма.

Дзіўна, але ласы кавалак зямлі ў самым цэнтры горада, паміж Палацінскім і Авенцінскім узвышшам так і не забудавалі – калі не лічыць невялічкага газавага завода, узведзенага тут напрыканцы 19 стагоддзя.

Па дробных фрагментах некалі велічнага іпадрома, якія яшчэ засталіся, амаль немагчыма скласці ўражанне пра былую імперскую веліч. Для гэтага давядзецца хіба што перачытаць антычных аўтараў і ўключыць фантазію. Ці хаця б пераглянуць які галівудскі фільм “са старарымскага жыцця”.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя