Сэлфі-маньякі ў Афінскім археалагічным музеі



Археалагічны музей — гэта найперш нагода прыгадаць школьны падручнік, а Афінскі археалагічны  і пагатоў.

Вось залатая пахавальная маска Агамемнана, знойдзеная ў Мікенах Генрыхам Шліманам, выяву якой у падручніку па Старажытнай гісторыі я недарэчна абмаляваў у пятым класе. За куленепрабівальным шклом тая маска выглядае не так злавесна, як калісь на паперы. Вось кароткія мячы, якімі грэкі, мажліва, біліся пры Марафоне. А вось велічная статуя Пасейдона, пра якую я ведаю напэўна, што яе паднялі са дна Міжземнага мора падводныя археолагі.  

Апалоны з адбітымі галовамі, іржавыя дзіды герояў, мармуровыя бюсты даўно пазабытых стратэгаў, дыпламатаў і катаў – усё гэта навявае на філасофскія думкі пра мінучасць часу, недарэчнасць пыхі і няўдзячную памяць спадкаемцаў.

Есць, аднак, катэгорыя наведвальнікаў музеяў, якая здольныя атруціць асалоду ад такіх думках адным сваім з’яўленнем. З гіканнем і віскатам яны накідваюцца на чарговы саркафаг ці барэльеф, выцягваюць свае мабільнікі і бясконца, да ачмурэння, фатаграфуюцца ў самых вычварных позах. Мажліва, такім чынам сэлфі-маньякі прагнуць далучыцца да вечнасці і прыгажосці. Мажліва, хочуць атрымаць рэчавыя доказы наведвання культавага месца. А, можа, уся справа ў дробнай пыхлівасці і ў колькасці «лайкаў» на Інстаграме?

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя