Сігірыя, Шры Ланка. Рэзыдэнцыя дыктатара, апсары, малпы і пашча льва



Амаль усе дыктатары – параноікі, якія паўсюдна мрояцца змовы і замахі. Кашьяпа, кароль Шры Ланкі, не быў выключэннем. Тым больш, што ён меў усе падставы асцерагацца змовы. У маладосці Кашьяпа забіў уласнага бацьку, пасля чаго завалодаў тронам. Каб не паўтарыць бацькаў лёс, новы кароль загадаў збудаваць на высачэзным узвышшы палац, абнесці яго фартэфікацыйнай сістэмай і павысякаць навакольныя джунглі, у якіх маглі хавацца ворагі.

Кашьяпа, аднак, быў толькі жорсткім і падступным валадаром, але і вытанчаным эстэтам. Ён сабраў у палацы найлепшых скульптараў, архітэктараў і мастакоў з усяе Шры Ланкі. Архітэктары збудавалі вялізную браму ў выглядзе пашчы льва, а мастакі распісалі палацавыя сцены фрэскамі з выявамі аспараў – так у індуізме называюць нябесных танцоўшчыц.

Неўзабаве малодшы брат Кашьяпы, Мугалан, падняў паўстанне. Бацьказабойца прайграў бітву і знясіліўся ад роспачы. Але пераможца не захацеў жыць у Сігірыі – палац закінулі. Наступную тысячу гадоў рэзыдэнцыю Кашьяпы нішчылі землятрусы, размывалі дажджы, а муры зарасталі джунглямі.

Цяпер ад палаца ў Сігірыі засталіся палацавыя сцены, напаўраструшчаныя львіныя лапы ўваходнай брамы і выявы аспараў. А па аплылых мурах бегаюць малпы, якіх у Сігірыі і наваколлі, напэўна, не менш, чым у Кашьяпы было целаахоўнікаў.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя