Скоп’е – горад, які заўсёды адраджаецца з руінаў



Сталіца Македоніі – горад, які мае старажытную гісторыю. Ведамы Скоп’е яшчэ з часу Рымскай імперыі. Горад неаднаразова разбураўся – прычым як варварамі, так і землятрусамі. Аднак Скоп’е заўсёды адраджаўся з руінаў і попелу нібыта тая міфічная птушка Фенікс. Апошні страшны землятрус адбыўся 26 чэрвеня 1963 году. Фактычна ўвесь горад тады быў зруйнаваны, загінула больш тысячы чалавек. Адбудоўваўся Скоп’е паводле плану японскага архітэктара Кэндзо Тангэ, які некалі адраджаў бамбардаваную Хірасіму.

Зараз Скоп’е налічвае каля 700 тысяч насельнікаў. Прыблізна 65 адсоткаў жыхароў тытульнай нацыі – македонцы, за апошнія дзесяцігоддзі ў звязку з вядомым Косаўскім канфліктам значна вырасла колькасць албанцаў – іх тут каля 27 %, рэшту складаюць прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў.

Размешчаны горад на беразе ракі Вардар, так называецца і найбольш тытулаваны футбольны клуб краіны, які гуляе на стадыёне імя Філіпа ІІ Македонскага. У горадзе можна ўбачыць і праваслаўныя святыні і помнікі, і каталіцкія храмы, і мячэты. Абстаноўка ў горадзе ў цэлым спакойная, розныя канфесіі ўжываюцца мірна, а іх храмы даступныя для турыстаў. Вельмі шануецца ў Скоп’е Святая Маці Тарэза Калькуцкая, якая нарадзілася менавіта ў гэтым горадзе. Створаны адмысловы цэнтр яе імя.

Горад апошнія гады працягвае забудоўвацца і застаўляцца рознымі па вартасці архітэктурнымі і скульптурнымі помнікамі. Сярод памятных мясцін Скоп’е – Плошча Македонія з мноствам помнікаў, фартэцыя Скоп’е, каменны мост, раён Старая Чаршыя, дзе размяшчаецца вялізны рынак і так званыя турэцкія лазні. Пабачыць тут можна і стракатыя гандлёвыя вуліцы і вуліцу колішняга югаслаўскага маршала Ціта. А на будынку чыгуначнага вакзалу сімвалічны гадзіннік, які заўсёды паказвае час страшнага землятрусу 1963 году.

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара