Слонім рыхтуецца стаць турыстычнай Меккай



Нядаўна міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў пабываў у Слоніме, дзе вялася гутарка пра турыстычную сферу ў Беларусі. У Слоніме, акрамя сустрэчы з работнікамі культуры ў Слонімскім цэнтры культуры, Барыс Святлоў наведаў гарадскі парк, які знаходзіцца паміж Опернай вуліцай і каналам Агінскага.

Аднаўленні ў парку, якія адбыліся сёлета, міністру спадабаліся. Бо, сапраўды, шмат гадоў гарадскі парк у Слоніме меў непрыстойны выгляд. Акрамя старых дрэў і лавак, там нічога не было. Але сёлета гарадскі парк у Слоніме аднавіўся. У ім з’явіліся дзіцячыя атракцыёны, а таксама розныя малыя архітэктурныя формы і дэкаратыўныя ўпрыгожванні, каля якіх можна сфатаграфавацца ці проста адбачыць. Здалёк прыцягваюць увагу зубр, сабака, алені, арыгінальныя караблікі, карэты, машынкі, якія вельмі спадабаліся дзецям і бацькам. Ды і вуліца Оперная, якая існуе з часоў Міхала Казіміра Агінскага, памяняла свой знешні выгляд. Тут з’явіўся мемарыяльны камень у гонар слонімскага Замчышча, а таксама элементы ландшафтнага дызайну.

Па словах старшыні Слонімскага райвыканкама Алега Таргонскага, Слонім павінен быць турыстычнай Меккай у Беларусі. Таму ў бліжэйшы час будзе працягвацца ўпрыгожванне гарадскога парку, плануецца аднаўленне слонімскай сінагогі (1642 г.), павялічыцца выпуск сувенірнай прадукцыі і стварэнне новых аграсядзіб вакол Слоніма.   

 

Вольга Рагозік, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара