СМА растлумачыла прычыну моцных халадоў у Еўропе



Моцныя халады, якія ўсталяваліся напярэдадні вясны на значнай частцы Еўропы, – з’ява рэдкая, але не беспрэцэдэнтная. Аб гэтым заявіла на брыфінгу ў Жэневе афіцыйны прадстаўнік Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі (СМА) Клэр Нюліс, паведамляе ТАСС.

Пахаладанне ў Еўропе абумоўлена феноменам раптоўнага стратасфернага пацяплення над Паўночным полюсам прыкладна за 30 км. Рэзкае і хуткае павышэнне тэмпературы вядзе да спынення звычайных для гэтага часу заходніх вятроў, на змену якім прыходзяць усходнія, што нясуць у Еўропу сібірскі холад.

Клэр Нюліс звярнула ўвагу на прагноз рэгіянальнага цэнтра СМА па маніторынгу клімату ў Германіі, згодна з якім з 20 лютага настаў перыяд з тэмпературамі істотна ніжэйшымі за нармальныя, і прадоўжыцца ён на большай частцы Еўропы як мінімум 2-3 тыдні.

„Самыя моцныя халады чакаюцца з 26 лютага”, – прагназуе германскі цэнтр. На еўрапейскай частцы Расеі, у Беларусі, Польшчы і Украіне слупок тэрмометра апусціцца ніжэй за мінус 10 градусаў Цэльсія. У Цэнтральнай Еўропе, на поўначы Італіі, на Балканах і ў краінах Балтыі тэмпература будзе „анамальнай” – ніжэйшай за мінус 6 градусаў. Поўдню Еўропы метэаролагі абяцаюць маразы, папярэджваючы аб згубных для сельскай гаспадаркі замаразках на глебе і аб рызыках для адчувальных людзей з-за ўздзеяння холаду.

У той жа час у шэрагу раёнаў Арктыкі цяпер назіраюцца высокія тэмпературы. З 16 лютага некалькі разоў была зафіксавана тэмпература вышэйшая за нуль. Паводле даных Дацкага метэаралагічнага інстытута, раней такое адбывалася двойчы: у 2011 і 2017 гадах. Цяперашні рост тэмпературы ў інстытуце тлумачаць камбінацыяй двух фактараў: прысутнасцю ў Арктыцы адносна цёплых паветраных мас і наяўнасцю цёплага ветру фёну. Эксперты выказваюць апасенні, што ў сакавіку, пасля арктычнай зімы, працягласць арктычнага марскога лёду акажацца рэкордна малой.

belta.by