„Смак Францыі” ў Беларусі 21-24 сакавіка



Дваццаць два беларускія рэстараны возьмуць удзел у фестывалі французскай гастраноміі „Смак Францыі” 21—24 сакавіка. Пра гэта 18 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў пасол Францыі ў Беларусі Дзідзье Канес.

Пры гэтым ён адзначыў, што фестываль у Беларусі праводзіцца пяты раз і з году ў год цікавасць да яго расце як з боку рэстаранаў, так і наведнікаў. „Калі ў першым фестывалі ўдзельнічаў адзін рэстаран, то летась ужо 17, а сёлета — 22. Мы спадзяемся, што будзе больш і наведвальнікаў, чым у мінулым годзе”, — сказаў пасол. Гэта будуць рэстараны Менска, Гомеля, Магілёва і Гародні.

Прынцып удзелу застаецца нязменным — рэстараны павінны гатаваць стравы французскай кухні ў суправаджэнні французскіх вінаў. „Кожны год ёсць адмысловы кірунак, і сёлета — гэта рэгіён Праванс. Рэкамендуецца, каб меню падчас фестывалю прадстаўляла праванскую кухню і праванскія віны”, — заўважыў Канес.

Паводле яго слоў, усяго ў свеце чакаецца ўдзел пяці тысяч шэф-кухараў на пяці кантынентах у 150 краінах.

Адказваючы на пытанне БелаПАН, як пасол ацэньвае ўзровень французскай кухні ў Беларусі, Дзідзье Канес заўважыў: „Ёсць усё большая цікавасць у Беларусі, асабліва ў Менску, да кулінарыі. Кожны ў гэтым можа пераканацца. Штомесяц адкрываюцца новыя рэстараны высокага класа, і таму, я думаю , што кулінарны „пейзаж” у Беларусі развіваецца вельмі хутка. І ёсць сярод усіх рэстаранаў тыя, хто вырашыў спецыялізавацца на французскай кулінарыі. І гэта нас радуе”.

У сваю чаргу, шэф-кухар кафэ „Мафін” Аляксандр Петрыман сказаў, што ўсе знакамітыя кухары свету — выхадцы з французскіх школ. „Веды французскай кухні — гэта тэхналогія, якая наперадзе планеты ўсёй. Ведаючы тэхналогію, базісныя стравы, можна іх прыўносіць у любую кухню — беларускую, рускую. Французская школа — вельмі моцная. Што тычыцца інгрэдыентаў для страў, якія мы будзем гатаваць у межах фестывалю, то сёння ёсць усё. Можна прывезці ўсё”, — адзначыў ён.

belapan.by