Сплаў на байдарках па Заходнім Бугу



6 экіпажаў байдарачнікаў агульнай колькасцю ў 12 чалавек завяршылі двухдзённы сплаў па рацэ Заходні Буг. Маршрут праходзіў ад вёскі Ляплёўка Берасцейскага раёна і да Холмскай брамы Берасцейскай крэпасці.

Пра выправу па памежнай рацэ апавядае адзін з яе арганізатараў Аляксандр:

Ідэя нарадзілася спантанна. Так як рака прыгожая і закрытая, праходзіць адпаведна па мяжы, мае шмат жывапісных месцаў. З такой ініцыятывай арганізавалі групу, зрабілі сплаў. За два дні было пройдзена 70 км: у першы дзень – каля 50 км, у другі – каля 20. Нам ішлі насустрач. Дакументы праверыў і польскі бок, ніякіх эксцэсаў не было. І наш бок праверыў, усё было добра. Людзі служаць даволі маладыя, прагрэсіўныя. Сам не чакаў, што дапамогуць, бо былі моманты, калі трэба было перайсці мяжу праз раку, то яны дапамагалі з транспартам.

“Ёсць жаданне ў наступным годзе прайсці 100-кіламетровы маршрут па Заходнім Бугу ад сутыку межаў Беларусі, Украіны і Польшчы каля Тамашоўкі (Владава) і да Холмскай брамы”, – зазначыў Аляксандр. У арганізацыі выправы дапамогу аказваў і рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Прыбужскае Палессе”.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара