Стамбул. Блакітная мячэць, альбо Складанасці вымаўлення



Афіцыйна гэтая мячэць называецца Султанахмет, але найчасцей яе называюць “блакітнай”, хаця звонку будынак шэры. Вызначэнне “блакітнае” не мае дачынення ані да паэтыкі, ані да арыентацыі: усярэдзіне мячэць пышна аздобленая бірузовай кафляй.

Мячэць з’явілася дзякуючы мілітарнай паразе Асманскай імперыі. Пасля няўдалай вайны з Габсбургамі султаны страцілі права збіраць у Аўстрыі і Угоршчыне даніну. Ахмед І вырашыў, што прычына паразы – недастатковая пабожнасць турак, і загадаў збудаваць найбагацейшую мячэць ва ўсяе імперыі.

Перад тым, як выправіцца ў чарговы паход, Ахмед І сказаў архітэктару Седэфкару Мехмед-ага: маўляў, збудуй мне “алтын мінарэты”, то бок мінарэты, аздобленыя чыстым золатам. Ці то султан быў шапялявы, ці то архітэктар глухаваты, але апошні пачуў “алты мінарэты”, што азначае шэсць мінарэтаў. Якія і збудаваў.

Але ж шэсць мінарэтаў мае толькі самы галоўны мусульманскі храм у горадзе Мека, і будаваць столькі ж мінарэтаў у якой іншай мячэці – блюзнерства. Наспяваў шалёны рэлігійны скандал, супраць Ахмеда І мог адвярнуцца ўвесь мусульманскі свет. Давялося тэрмінова дабудоўваць у Саўдаўскай Аравіі сёмы мінарэт за кошт султанскай казны.

Вось так складанасці вымаўлення ўплываюць не толькі на архітэктурныя вырашэнні, але і на лёсы цэлых дзяржаваў…

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя