Стамбульскі Гранд Базар: месца, адкуль цяжка выбрацца



Адразу пасля захопу Канстанцінопаля ў 1453 годзе султан Мехмед ІІ распачаў будаўніцтва грандыёзнага рынку. Рынак запрацаваў у 1461 годзе, пра што і сведчыць дата, змешчаннай на ўсіх 18 брамах Капалы-чаршы, больш вядомага, як Гранд Базар.

На рынку гандлявалі абсалютна ўсім, што было ў Асманскай імперыі і навакольных краінах: спецыямі, тканінамі, золатам, скурамі, гашышам і, натуральна, рабамі. Прытым нявольнікаў на Гранд Базары прадавалі ажно да сярэдзіны ХІХ стагоддзя.

Знайсці рынак даволі цяжка: ён знаходзіцца ўбаку ад цэнтральных вуліц. Але заблукаць там лягчэй за лёгкае. Тэрыторыя Гранд Базара складае каля трыццаці квадратных кіламетраў, што можна супаставіць з якім беларускім райцэнтрам. А таму людзі, якія трапляюць туды ўпершыню, звычайна карыстаюцца навігатарамі ў смартфонах.

На рынку можна купіць усё ці амаль усё – акрамя гашышу і рабоў, вядома ж. Прытым гандлявацца – гэта ў Турэччыне святое! За пару скураных пальчатак гандляр хоча сто даляраў, вы называеца кошт у адзін. Апанент змяншае лічбу да 50, вы падвышаеце да дзвюх. Пасля тэатральных енкаў “з-за цябе я стаў жабраком!.. ты пакінуў галоднымі маіх дзетак!..” гандляр аддае пальчаткі за пяць, паблажліва пасміхаецца і робіць вам нечаканы камплімент: “вы – вельмі добры бізнесовец!”

Выходзіць з Гранд Базара лепш за ўсё праз галоўную браму, на якой ад асманскіх часоў зіхаціць надпіс: “Алах мілуе тых, хто прысвячае жыццё гандлю”.

Гэты дэвіз надзвычай трапна характарызуе сутнасць месца.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара