Стары Каір



Егіпет асацыюецца ў нашай свядомасці з недарагім пляжным адпачынкам, а таксама з пірамідамі, фараонамі і Сфінксам. Але ж мала хто з беларускіх турыстаў можа пахваліцца тым, што бываў у гістарычных раёнах егіпецкай сталіцы.

Стары Каір – неверагодная мешаніна з дамоў розных гістарычных эпох, крывых вуліц, закінутых руінаў, пачварных трушчобаў і мадэрновых хмарачосаў. Што не дзіўна: першыя дамы ў гэтым сталічным раёне з’явіліся яшчэ за часамі Рымскай імперыі. Потым раён актыўна забудоўвалі візантыйцы, копты, арабы, туркі, французы і англічане… Большасць дамоў Старога Каіра ўзведзеная ў трыццатыя і шасцідзесятыя гады дваццатага стагоддзя пераважна з пяшчаніка і бетона, і таму ў раёне пануюць два асноўныя колеры: жоўты і шэры.

На каірскіх вуліцах кідаюцца ў вочы дзве дэталі: егіпецкія мужчыны, якія ад рана да рана сядзяць каля кафейняў, смокчуць кальяны і п’юць каву, і гронкі бялізны, якія ад рана да рана сушацца за балконамі. Першая дэталь міжволі прымушае задавацца пытаннем: а за што тыя абібокі кормяць сем’і? А вось другая – наадварот, выклікае замілаванне. Бо менавіта тыя рознакаляровыя транты і надаюць гэтаму жоўта-шэраму раёну квяцісты і крыху сюрэалістычны выгляд, які ў турыстычных даведніках называюць “мясцовым каларытам”.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя