Свята-Яна-Прадцечанская царква ў Луне



Царква ў Луне – гэта помнік архітэктуры ў самым цэнтры ведамага мястэчка ў цяперашнім Мастоўскім раёне. Да другой паловы дзевятнаццатага стагоддзя ў мястэчку Луна царквы не было зусім. Энцыклапедыя па гісторыі Беларусі даводзіць, што ў 1886 г. мястэчка Луна – цэнтр Луненскай воласці, дзе пражывалі 1392 жыхары, былі касцёл, сінагога, 3 яўрэйскія малітоўныя дамы, 40 крамаў, 3 шынкі, 2 харчэўні.

Чатыры кіламетры ад Луны была царква Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Мікалая, першы ўспамін пра якую датычыць 1637 году, калі Фрэдэрык Сапега, стараста Астрынскі і Гарадзенскі, разам са сваёй жонкай Крысцінай каля свайго двара Чарлёна пры гэтай старадаўняй царкве закладваюць уніяцкі манастыр для 4 манахаў-базыльянаў.

Яшчэ адна царква была ў 3 км. ад Луны ў вёсцы Падбарамі («Мая вёска некалі называлася Падбарамі» – піша нараджэнец гэтай мясцовасці Яўген Петрашэвіч), пра што падаюцца звесткі ў кнізе «Памяць». Мастоўскі раён”: “У 1886 паселішча вядома як сяло Падбараны (такую маем перакошаную грымасу найменняў, аўт.), 18 двароў, 206 жыхароў, працавалі народнае вучылішча, багадзельня, праваслаўная царква.” Мясцовыя жыхары кажуць, што ўніяцкая царква стаяла на могілках паміж вёскамі Падбарамі і Навасёлкі.

Але ў часы палітыкі татальнай русіфікацыі пасля паразы Вызвольнага Паўстання 1863-1864 гг. пакідаць Луну без царквы было нельга. Паўсюдна будаваліся цэрквы ў стылі, які атрымаў назву “псеўдарускі”, а цэрквы ў народзе называюць “мураўёўкамі” у гонар іх фундатара – губернатара гэтага краю Мураўёва-вешальніка. Характэрнай рысай такіх храмаў з’яўляюцца цыбулепадобныя купалы.

У 1876 г. архітэктарам Трубнікавым быў распрацаваны праект храма для мястэчка Індура, які з-за падаражання будаўнічых матэрыялаў не быў прыняты і прапанаваны для Луны. 24 кастрычніка 1878 года на падставе распараджэння Гродзенскай Царкоўна-Будаўнічай прысутнасці аб выбары месца пад пабудову каменнай прыходскай царквы ў Луне знайшлі адзінае месца пад царкву на Базарнай плошчы. Пабудова царквы планавалася цягам 4 гадоў з дня заключэння кантракта. Царква была пабудавана ў вызначаны тэрмін на Базарнай плошчы, але ж заставалася без агароджы і таму “падвяргалася порчы з боку яўрэйскага насельніцтва”. Акрамя таго новая царква не магла быць пасвечаная, таму што на царкоўнай званіцы не было званоў. Паколькі паблізу царквы знаходзіўся каталіцкі касцёл, што меў два вялікія званы, то для “падтрымання перавагі Праваслаўя і рускай народнасці над каталіцтвам“, добра было б, на думку ўладаў, набыць 3-ы званы, адзін з якіх павінен быў мець вагу не менш 25 пудоў. Такім чынам, у мястэчку Луна ў 1882 годзе была пабудавана царква, але пасвечаная, напэўна, у 1889 г., бо гэта дата падаецца ў даведніках. Яе настаяцелем прызначылі Івана Хамічоўскага. Іван Хамічоўскі за поспехі ў русіфікацыі насельніцтва атрымаў ад Аляксандра ІІІ медаль.

У царкве ёсць каштоўныя іконы, сабраныя з іншых цэркваў і вялікі абраз Хрыста ўкрыжаванага з ХVІ ст., які па ўспамінах вернікаў быў забраны з уніяцкай царквы, што стаяла на могілках ля вёскі Навасёлкі. Луненская царква названа ў гонар Яна Прадцечы. Яну Прадцечу прысвечаны Вялікія Святы Раства Яна Предцечы – 7 ліпеня і Усячэння галавы Яна Прадцечы – 11 верасня.

Лявон Карповіч, Луна, фота Уладзіміра Хільмановіча