Святое возера ў Магілёве адкрытае для купання



У вадаёме было забаронена купацца з 2014 года. У траўні 2015 года больш як 6,3 тыс. магілёўцаў з дапамогай актывістаў апазіцыі звярнуліся да гарадскіх уладаў з патрабаваннем ачысціць ад забруджвання гэтае месца традыцыйнага адпачынку гараджан. Улады распланавалі работы па ачыстцы прыбярэжнай паласы вадаёма, мелі намер вызначыць аб’ёмы і крыніцы фінансавання. Да цяперашняга часу ніякіх работ па ачыстцы не праводзілася.

Пра тое, што зараз у Святым возеры дазволена купацца, БелаПАН паведаміў загадчык аддзялення камунальнай гігіены Магілёўскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Раман Аўраменка. „На сённяшні дзень па лабараторных даследаваннях паказчыкі ў норме, таму мы не можам не дазволіць купацца”, — сказаў ён.

Гігіеніст пацвердзіў, што ніякіх работ па ачыстцы возера не вялося, аднак не выключыў, што адбылося прыроднае самаачышчэнне за кошт мікраарганізмаў, якія перапрацоўваюць забруджвальныя рэчывы. Разам з тым Раман Аўраменка зазначыў, што калі ўзровень забруджвання возера падвысіцца, што магчыма з надыходам гарачага надвор’я, санслужбы зноў увядуць забарону на купанне. Пробы ў вадаёме бяруцца штодня.

Святое возера — помнік прыроды. Гэта самае глыбокае (19 метраў) возера ў Магілёўскай вобласці. Упершыню ў гістарычных хроніках згадваецца ў 1643 годзе.

belapan.by