Сядзібны дом з каштанам пад “аховай” Гастэлы



У аграгарадку Райца Карэліцкага раёна да сённяшніх дзён захаваўся помнік архітэктуры XIX стагоддзя – сядзібны дом. Калі пад’язджаеш да вёскі Райца ён бачны здалёк. Гледзячы на гэты сядзібны дом можна ў думках акунуцца ў атмасферу таго правінцыйнага спакойнага жыцця XIX стагоддзя.

Вакол сядзібнага дома шмат старых высокіх дрэў. Захаваўся тут і адзіны ў Беларусі васьмітычанковы каштан, які некалі пані Раецкая, якой належаў дом, прывезла з выставы ў Парыжы. Калі верыць шыльдзе, якая знаходзіцца побач з каштанам, дрэва ахоўваецца дзяржавай.

Чуць воддаль ад сядзібнага дома стаіць высокі помнік савецкаму лётчыку з Масквы Мікалаю Гастэлу. Як быццам падчас Другой сусветнай вайны гэты расейскі лётчык тут ратаваў ад бамбёжак старую шляхецкую сядзібу. Ці не спецыяльна паставілі ў савецкі час гэты помнік бальшавікі, каб адцягнуць увагу турыстаў ад старой сядзібы.

Сяды-тады да помніка Гастэлу ўскладваюць вянкі, а вось стары сядзібны дом з кожным годам прыходзіць у заняпад. Некалі мастакі Вера і Аляксандр Салдатавы за сімвалічныя грошы выкупілі гэты дом у дзяржавы, каб тут стварыць дом-музей саломкі і сучаснага мастацтва. Але задумка іх і справы тут рухаюцца даволі павольна і квола, таму мала верыцца, што некалі гэтая сядзіба будзе адрэстаўрыравана і ў ёй навядзецца парадак і з’явіцца прыгажосць. Ды на гэта патрэбна вельмі шмат сіл і многа грошай. 

Застаць гаспадароў дома мне не ўдалося, але быў сын Веры Салдатавай Аляксандр, які прыехаў з сям’ёй у госці. Ён паказаў сядзібу, распавёў пра планы і задумкі яго маці. Убачанае я стараўся сфатаграфаваць. А гэта і саму сядзібу, і кафляны камін, дубовы паркет, невялікі музейны пакойчык, вырабы з саломкі. А таксама тое, што знаходзіцца вакол старой гістарычнай сядзібы.

І, сапраўды, сядзіба ўнікальная. Пасля вайны, распавядаў Аляксандр, тут быў шпіталь, потым – бальніца, паліклініка, вясковая амбулаторыя. А з канца 1990-х тут жывуць Салдатавы, якія ўсе гэтыя гады мараць пра прыватны дом-музей. Але пакуль гэта толькі мары. На вялікі жаль…

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Карэліцкі раён

Фота аўтара