Сярэднявечная руіна як маляўнічая дэталь краявіда



Ёсць некалькі канцэпцый аднаўлення страчанай архітэктурнай спадчыны. Можна нанова адбудаваць разбураныя дамы – як, напрыклад, гістарычны цэнтр Варшавы. Можна спаскудзіць помнік бязглуздай рэстаўрацыяй – такая сітуацыя цяпер складаецца з Гарадзенскім замкам. А можна проста закансерваваць руіны, замацаваць абваленае і падправіць расколатае, і пакінуць у такім выглядзе да лепшых часоў.

Менавіта апошнім шляхам пайшлі балгарскія рэстаўратары ў невялічкім мястэчку Сазопаль, што непадалёк Бургаса. Катэдральная царква з магутным манастырскім комплексам існавала там ад візантыйскіх часоў цэлых васемсот гадоў. Царква шмат разоў цярпела ад землятрусаў, войнаў, пажараў і рабаванняў і была канчаткова знішчаная туркамі ў ХVII стагоддзі. Руіну заносіла зямлёй, камяні расцягвалі на падмуркі, і праз колькі стагоддзяў на яе месцы збудавалі жылы дом.

У ХХ стагоддзе дом разабралі, і археолагі адкрылі царкоўныя падмуркі, скляпенні і сцены, якія даволі няблага захаваліся. Натуральна, паўстала пытанне: а што рабіць? Гісторыкі, краязнаўцы і святары спрачаліся колькі гадоў, пакуль не прыйшлі да мудрай высновы: маўляў, сучасныя тэхналогіі не даюць магчымасці аднавіць царкву ў першапачатковым выглядзе, дый нават выяваў яе пакуль не знойдзена. Мо пакінем, “як ёсць”, да лепшых часоў?

Так і зрабілі. У выніку атрымалася такая сабе маляўнічая руіна, удала ўпісаная ў краявід старога балгарскага мястэчка.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара