Тарнова – другое жыццё сядзібы



Тарнова – мясцовасць у Лідскім раёне на рацэ Дзітва, непадалёк трасы Гародня – Менск. Каб трапіць сюды, дастаткова збочыць з магістралі ў кірунку Бярозаўкі і Наваградку. Неўзабаве па левым баку можна ўбачыць светлыя вежы мясцовай сядзібы. Першы раз трапіць сюды давялося яшчэ гадоў дваццаць таму, сядзібны дом і гаспадарчыя пабудовы былі тады ў занядбаным стане, архітэктурны комплекс разбураўся.

Так выглядала сядзіба 15 гадоў таму – у 2002 годзе.

Тарнова ці Тарноўшчына – дастаткова рэдкі тапонім для нашых зямель. Назва пайшла ад прозвішча Тарноўскі. Маёнтак найверагодней заснаваны ў другой палове XVII стагоддзя. Належаў роду Грабоўскіх, потым – магнацкаму роду Завішаў. У 1690 годзе як пасаг Ганны Завішанкі перайшоў ва ўласнасць Пятра Тарноўскага, які і пачаў адбудоўваць сядзібу. У пачатку 1860-ых гадоў вёска з сядзібай і навакольнымі землямі належала Канстанціну Кашыцу (1828-1881), сыну Юзафа Кашыца, актыўнага ўдзельніка лістападаўскага паўстання 1830 года.

Канстанцін Кашыц скончыў універсітэт у Тарту. На Лідчыне валодаў маёнткамі Тарнова, Белагруда, Малое Вольжава. Яшчэ ў час паўстання на сваёй зямлі ўсталяваў крыжы – помнік загінулым у баі паўстанцам. Прыхільнік плыні “белых”, з вясны 1863 года паўстанцкі цывільны начальнік Наваградскага павета, быў супраціўнікам баявых дзеянняў. Пасля арышту ў чэрвені 1864 года даў падрабязныя паказанні пра арганізацыю вызвольнага чыну. За ўдзел у паўстанні да 1866 году быў у ссылцы ў Казанскай губерні. А ў 1866 годзе змушаны падпісаць акт продажу маёнтку Тарноўшчына з фальваркамі Рубікі, Шчытнікі, Белагруда, Чыжэўшчына, Банцавічы – агулам каля 2500 дзесяцін зямлі расейскаму палкоўніку грэцкага паходжання, удзельніку здушэння паўстання, пазней генерал-лейтэнанту, Дзмітрыю Маўрасу, за 56300 рублёў і дом у Рызе ацэнавым коштам 25000 рублёў. Ведама, што Маўрас быў ад’ютантам крывавага Мураўёва-вешальніка.

Неарэнесансавы сядзібны комплекс быў забудаваны ў канцы 19-га – пачатку 20 стагоддзя. У яго уваходзяць уласна мураваны будынак сядзібы, стайня, лядоўня, ветраны млын.

У 1878 годзе Маўрас выйшаў у адстаўку, пасяліўся ў Тарнове і стаў разбудоўвацца. Паводле некаторых звестак сядзібу праектаваў архітэктар Вікенці Горскі. Дагэтуль па яго праекце былі пабудаваныя два дамы Маўраса ў цэнтры Вільні. Бібліятэка Маўраса налічвала каля 9000 тамоў на расейскай і іншых мовах, у тым ліку старадаўнія і рэдкія выданні. Фонд бібліятэкі Маўраса пазней, як і многія іншыя каштоўнасці з беларускіх земляў, пазней быў вывезены і зараз знаходзіцца ў Расейскай дзяржаўнай бібліятэцы.   Калі ў 1890 годзе памерла жонка Маўраса, ён у яе памяць пабудаваў каменную капліцу ў гатычным стылі, са званіцай і фамільным склепам, дзе праз 4 гады быў і сам пахаваны. Капліца ў 1939 годзе была разбурана бальшавікамі.

Пасля смерці Маўраса ў 1899 годзе, маёнтак належыў яго сыну Мікалаю, затым сястры Мікалая Лізавеце. У канцы 1880-ых гадоў пры сядзібе дзеілі народная вучэльня, водны млын, бровар. Потым у маёнтку сталі змяняцца гаспадары, апошнімі, да 1939 года, былі курляндскія бароны Кехлеры.

У сакавіку 1940 году пры сядзібе саветы стварылі вялікі племсаўгас, у самой сядзібе ўладкаваныя жылыя памяшканні. У гады вайны тут размяшчаўся паліцэйскі ўчастак. Пасля вайны ў сядзібе быў дзіцячы дом, саўгасная кантора, паштовае аддзяленне, ашчадная каса, вузел сувязі і жылыя кватэры. Былі прабітыя тры ўваходы з асобнымі лесвіцамі. Доўгі час дом знаходзіўся ў недагледжаным стане.

У 2008 годзе былі пачатыя працы па рэканструкцыі палацу. Рэстаўрацыю вялі мясцовыя лідскія будаўнікі. Унутраная планіроўка была пры тым зменена. Паводле афіцыйнай інфармацыі ў доме з’явіліся 8 двухпакаёвых, 1 аднапакаёвая, 1 трохпакаёвая і 1 двухроўневая пяціпакаёвая кватэры. Службовыя кватэры атрымалі маладыя сем’і будаўнікоў.

Забудову атачаюць два ставы і стары парк. Вакол сядзібы жыхары таксама разбудоўваюць свае хаты. У наш прыезд людзі якраз крылі металадахоўкай суседні дом. Па дарозе насіліся трактары. Мястэчка, у якім яшчэ каля 600 насельнікаў, жыве сваім парадкам.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара