Таямніцы Бераставіцы



Вялікая Бераставіца з 16-га стагоддзя належала Хадкевічам і менавіта пры іх зазнала развіццё. Каля 1615 году па фундацыі Гераніма Хадкевіча быў пабудаваны касцёл Візітацыі Дзевы Марыі. У 1741-ым ужо пры Юрыю Мнішаку адбылася перабудова. Пад руінамі касцёлу крыпта з дзевяці злучаных памяшканняў. У касцёле было пахаванае сэрца знакамітага палкаводца, вялікага гетмана Яна Караля Хадкевіча. У час вайны Рэчы Паспалітай з Швецыяй славуты ваяр стаяў на чале войска, якое перамагло скандынаваў у бітве пад Кірхгольмам (непадалёк Рыгі) у 1605 годзе. Гэта была не проста перамога: Хадкевіч з 4-тысячным войскам ушчэнт разбіў 14-тысячную шведскую армію. Далей быў не менш славуты ваярскі шлях “правадыра крылатых вершнікаў” – ажно да перамогі над туркамі ў бітве пад Хацінам (непадалёк Чарнаўцоў, цяпер Україна) у 1621-ым. Адтуль Хадкевіч ужо не вярнуўся, памёршы ад цяжкой хваробы.

Спярша, найверагодней паводле волі маладой удавы, другой жонкі Яна Караля – Ганны Алаізы (з роду Астрожскіх) гетмана пахавалі ў Астрозе. Аднак, яго сэрца ў адмысловым саркафагу было прывезена ў Бераставіцу і змешчана на вечны спачын у тады яшчэ драўляным касцёле. Да якога часу рэліквія была ў сцяне ці крыпце храма, які пазней быў праваслаўнай царквой, – няведама. Ёсць меркаванне, што ў канцы 19-га – пачатку 20 стагоддзя ўрна з сэрцам гетмана была вывезена ў больш бяспечнае месца, а прычыніліся да гэтага тагачасныя ўладаннікі Бераставіцы графы Касакоўскія – далёкія сваякі і спадчыннікі роду Хадкевічаў. Касакоўскія старанна і дбайна захоўвалі маёмасць продкаў – у прыватнасці каваны куфар вялікага гетмана і сямейны архіў з дакумантамі. Верагодна, што яны захоўвалі саркафаг у сваім палацы, а пасля перавезлі ў свой маёнтак Вайткушкі пад Коўнам, дзе ў графа Касакоўскага былі куды лепшыя дачыненні з усходняй адміністрацыяй. Даследнік старадаўніх палацаў Раман Афтаназы дае апісанне гэтага маёнтку. След саркафагу губляецца ў час першай сусветнай вайны, калі каштоўнасці з Вайткушкаў былі вывезены на ўсход у Расею. А, магчыма, сэрца Хадкевіча і надалей у нетрах бераставіцкага касцёлу.

Яшчэ адна загадка бераставіцкага касцёлу – гэта абраз працы знакамітага мастака Францішка Смуглевіча. У храме ён захоўваўся ў 1797-1807 гадах, а потым знік. У бераставіцкім палацы Касакоўскіх было шмат багаццяў. У савецкі час на свет выплыла таямнічая гісторыя пра мясцовы скарб. У час візіту дэлегацыі ПНР у 60-ыя гады, калі толькі наладжвалася культурная памежная супраца, паблізу мясцовых ставоў, па дарозе на Чваракі, якія некалі былі часткай маёнтку, жыхары пасля адной ночы заўважылі вялікую яму, дзе відавочна нешта было раней захавана. Нібыта побач знайшоўся і сярэбраны чарпак. Пайшлі чуткі пра скарб, праўда пра яго не разгаданая дагэтуль. Але ўся наша гісторыя – і вялікая і малая – адна суцэльная таямніца.

У лютым 2010 году, калі Украіна ў час прэзідэнцкіх, яшчэ дэмакратычных, выбараў абірала свой шлях назад да савецкага мінулага, давялося патрапіць мне ў горад Астрог над рэчкай Гарынь, што на Валыні. Месца гэтае славутае ў нашай супольнай з паўднёвымі суседзямі сярэднявечнай гісторыі старадаўнім замкам і адпаведна назве князям Астрожскім. Род гэты пакінуў свой след і ў Вялікай Бераставіцы. У надзвычай цікавым астрожскім музеі можна ўбачыць і выяву Яна Караля Хадкевіча. У сённяшняй Бераставіцы няма вуліцы гэтага выдатнага чалавека, але з ім звязаны надзвычай цікавыя старонкі гісторыі беларускага мястэчка.

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, фота аўтара з Вялікай Бераставіцы і Астрогу