Тбілісі: «Летапіс Грузіі», ці падарожжа ў „грузінскі Стоўнхэндж”



Літаральна некалькі дзён таму ўдалося патрапіць у сталіцу Грузіі – Тбілісі і адным з самых цікавых і знакамітых помнікаў гэтага гораду стаў для мяне вялікі манумент «Летапіс Грузіі».

Помнік будуецца апошнія 20 год і яшчэ да канца не скончаны. Ствараецца помнік рукамі  «тбіліскага генія скульптуры» Зураба Цэрэтэлі. Гэта сусветна вядомы скульптар і мастак, які стварыў мноства помнікаў у розных краінах, але гэты манумент лічыцца адной з найлепшых яго прац.

Складаецца манумент „Летапіс Грузіі” ці як яго яшчэ называюць „грузінскі Стоўнхэндж” з 16 калон з медзі і бронзы вышынёй 35 метраў.

Кожная з іх дзеліцца на тры часткі: у ніжняй намаляваны сюжэты з Бібліі, у сярэдняй – значныя для Грузіі людзі (святыя, цары, паэты, ваеначальнікі), у верхняй – бытавыя сцэны (святы, зборы ўраджаю і вінаграда).

Калі глядзіш на мемарыял з птушынага палёту, вымалёўваецца вялізны крыж, а маленькая цэркаўка, пабудаваная побач, і крыж з лазы святой Ніно дапаўняюць біблейскую тэматыку.

Няцэласнасць манумента вядома вялікі мінус, але яго вялікасць ад гэтага зусім не пакутуе. Трапляючы ўнутр, усведамляеш, як некалькі людзей і падзей робяць гісторыю і ўплываюць на яе ход.

Адчуванні ад мемарыяла „Летапіся Грузіі” цяжка апісаць, таму я рэкамендую наведаць гэтую славутасць у Тбілісі. Да таго ж адсюль адкрываюцца цудоўныя віды на Тбіліскае мора і горад.

Патрапіць да мемарыяла даволі проста: аўтобусам з чыгуначнага вакзалу, ці маршруткаю. Таксама можна на таксі, якое пад’едзе да самага схілу мемарыялу.

Андрэй Мялешка, Грузія, Тбілісі

[manual_related_posts]