Цімафей Атрошчанкаў: Навучыць беларусаў свабодзе можа мора



Было калісьці ў Беларусі Герадотава мора ды паступова высахла. А вось гістарычная памяць марскіх вандровак у беларусаў засталася.

Пра мора ў жыцці беларуса і прагу да вандровак пад беларускім сцягам пагаворым разам з „Госцем Рацыі”, кіраўніком менскага клубу „Дарога да мора” Цімафеем Атрошчанкавым:

РР: Як беларусы на працягу ўсёй гісторыі былі звязаныя з морам?

– Пінская флатылія, Нёманская флатылія, якія ўдзельнічалі ў штурме Берліну. Традыцыі глыбокія насамрэч. Шмат беларусаў зараз навучаюцца ў польскіх марскіх вучэльнях, а потым ідуць працаваць на вялікія караблі маракамі. Сказаць, што Беларусь не мае дачынення – гэта няправільна. У нас няма выхаду да мора, калісьці мы згубілі такую магчымасць у 1990-х гадах. Літоўскі бок прапаноўваў стварыць транзітны калідор Беларусі для выхаду ў мора, але тады ўлады на гэта на жаль не пайшлі. Мора досыць блізка, тут да Балтыкі ехаць пару гадзін, усе беларускія рэкі ўпадаюць у мора.

РР: Вы асабіста па якіх марах і акіянах хадзілі?

– Досыць багаты спіс, бо займаюся марскімі справамі даўно, маю даволі сур’ёзны досвед – пачынаючы ад Балтыкі скончваючы Паўночным морам, Атлантыкай ды Індыйскім акіянам, Міжземнае, Белае, Чорнае.

РР: Дзякуючы гэтым падарожжам наспела неабходнасць стварэння марскога клуба?

– Можна сказаць і так, была цяга да такіх падарожжаў. Я займаўся ўсё жыццё, любіў падарожнічаць і калісьці знайшоў для сябе марскія падарожжы, палюбіў іх і пачаў кудысьці выбірацца. У той час гэта было даволі складана рабіць у Беларусі, увогуле не было інфармацыі, не было магчымасцяў. Даводзілася пракладваць гэтую дарогу самому са сваімі паплечнікамі, сябрамі, якіх таксама заахвоціла гэта ідэя. Рабілі паціху, патроху, а цяпер ужо ўсё працуе. 

РР: Як працуе клуб і як можна стаць яго сябрам?

– Клуб – гэта згуртаванне людзей, якія любяць марскія падарожжы, якія блізкія паміж сабой па духу. Уступіць у яго можа любы чалавек, у нас няма ніякіх абмежаванняў на гэты конт, адзінае, каб чалавек любіў мора і быў блізкі нам па духу. Клуб – гэта суполка сяброў, людзі, якія праходзяць гэтае мора, якія паказваюць гэта пэўным чынам. Яны застаюцца і ствараюць ядро клубу, людзей, з якімі мы ладзім гэтыя падарожжы з года ў год. 

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

З мараходам Цімафеем Атрошчанкавым гутарылі пра мора ў жыцці сучаснага беларуса.

Беларускае Радыё Рацыя