Турма для камуністаў і антысаветчыкаў



Ад 1939 па 1945 год Албанія была акупаваная чужынцамі – спярша італійскімі фашыстамі, а потым нямецкімі нацыстамі. І тыя, і тыя люта распраўляліся з палітычнымі апанентамі, найперш – камуністамі. Іх кідалі ў турмы, вешалі і расстрэльвалі. У 1945 годзе да ўлады ў краіне дапнуліся камуністы на чале са сталіністам Энверам Хаджой. Спярша камуністы страцілі і кінулі ў турмы ўсіх, хто спачуваў фашыстам і нацыстам, а потым – усіх, каму не падабалася самае перадавое ў свеце вучэнне Леніна-Сталіна. А не падабалася гэтае вучэнне багата каму, тым больш, што албанскі сацыялізм, які будаваў Хаджа, быў гэткім гібрыдам нямецкага нацызму і сацыялізму сталінскага ўзору. У турму можна было патрапіць за таемнае праслухоўванне джаза і рок-н-рола, за амерыканскія джынсы і жуйкі, а жанчын масава кідалі за краты нават за карыстанне буржуазнай касметыкай, бо сацыялістычная албанская жанчына, паводле Энвера Хаджы, была прывабная выключна сваёй прыроднай прыгажосцю.

І тут высветлілася, што турмы, збудаваныя фашыстамі і нацыстамі, вельмі прыдатныя для таго, каб трымаць там усіх, каго Энвар Хаджа запісаў у “антысаветчыкі”.

Адна з такіх турмаў, цяпер пераробленая ў музей, знаходзіцца ў правінцыі Джыракастэр. Функцыянавала яна ад 1939 і пад 1985 год, і амаль увесь рыштунак выдатна захаваўся.

У невялікіх камерах трымалі не больш за шэсць чалавек. Вязням не забаранялася пакідаць графіці на сценах, частка якіх, адрэстаўраваная, захавалася і дагэтуль. Змест графіці высветліць не атрымалася, але можна меркаваць, што напісана там нешта кшталту “Жыве Албанія!”. У экспазіцыі ёсць нават турэмнае меню, пры тым з ангельскага перакладу вынікае, што вязням давалі нават свежую садавіну і гародніну. Турэмная бібліятэка прапаноўвала кнігі на некалькіх мовах – пераважна, сусветную класіку.

Так што калі параўноўваць нацысцка-камуністычную турму з сумна вядомым ізалятарам на Акрэсціна, то вязніца часоў Мусаліні, Гітлера і Хаджы, відавочна, выйграе ў сучаснага беларускага ізалятара ў плане камфорту…

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя