Тут жыў Фарук І, апошні егіпецкі кароль



Кароль Фарук, якога ў Егіпце і пагэтуль згадваюць з сімпатыяй, быў вельмі каларытнай асобай. Патрыятызм арганічна спалучаўся ў яго з казнакрадствам, а схільнасць да кароткіх амурных прыгодаў – з адданым каханнем жонкі. А яшчэ Фарук быў вытанчаным эстэтам, і таму збудаваў сабе ў Александрыі, на беразе Міжземнага мора, палацавую рэзідэнцыю «Мантаза», дзе пераважна і жыў.

Будавалі палац італійскія архітэктары. З Італіі выпісвалі мармур, з Нямеччыны – абсталяванне, з Англіі – мэблю. І мэбля, і асвятляльныя плафоны, і нават піяніна ў рэзідэнцыі аздабляюць інструктаваныя ці выгравіраваныя літары «F»: фаталіст Фарук лічыў, што літара, з якой пачынаецца ягонае імя, прынясе яму шчасце. Нават сваіх дачок ён назваў на «ф»: Фавзія, Фаізя, Фаікя і Фасіа, а жонку Зафіназ адмысловым загадам пераназваў у Фарыду.

Але ўлюбёная літара так і не ўратавала Фарука ад краху. Пасля няўдалай вайны з Ізраілем уся віна за паразу была ўскладзена на караля. У 1952 годзе групоўка «Вольныя афіцэры» на чале з Гамалем Абдэль Насэрам зрынула манарха, і ён проста з «Мантазы» уцёк у Манака, дзе і памёр у 1965 годзе.

Палац былога караля стаў дзяржаўнай рэзідэнцыяй прэзідэнтаў Егіпта.

У каралеўскім палацы няма ідыёцкай і безгустоўнай раскошы, якую міжволі чакаеш пабачыць: ані залатых унітазаў, як у рэзідэнцыях некаторых постсавецкіх прэзідэнтаў, ані цяжкой пазалоты, ані хатняга заапарка. Кароль, якога вінавацілі ў раскраданні дзяржаўнай казны, жыў у даволі сціплым доме. У яшчэ больш сціплых умовах жыла яго прыслуга і ахова, якой у «Мантазе» было не больш за сотню.

Тэрыторыя вакол палаца – дзіўнае спалучэнне Лошыцкага парка ў Менску і дэндрарыя ў Сухумі часоў СССР. Роўныя шэрагі пальмаў, асфальтаваная дарога і жылыя кварталы Александрыі, якія вырастаюць проста з-за плота…

Афіцыйна «Мантаза» лічыцца Дзяржаўнай рэзідэнцыяй прэзідэнта Егіпта, але праход у яе вольны для ўсіх ахвочых – за ўмоваю, што самога прэзідэнта ў рэзідэнцыі цяпер няма. Маладыя маці выгульваюць дзетак, на пірсе стаяць рыбакі з вудамі, а школьнікі бегаюць вакол рэзідэнцыі прэзідэнта, бы на вялікім перапынку…

…Цікава, ці настане той час, калі ў Беларусі можна будзе вольна гуляць па прэзідэнцкай рэзідэнцыі?

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя