Тыдзень беларускай кухні – у рэстаранах і кавярнях Менска
XIX Тыдзень беларускай кухні пройдзе ў Менску з 25 лютага па 3 сакавіка.
У гэты перыяд у 60 рэстаранах і кафэ сталіцы наведвальнікам прапануюць пяць страў нацыянальнай кухні.
Прынцып гастранамічнага тыдня – адзіная рэцэптура і кошт незалежна ад тыпу і класа аб’екта. Гэта робіцца для прыцягнення ўвагі гараджан і гасцей сталіцы да страў беларускай кухні, прасоўвання і папулярызацыі нацыянальных кулінарных традыцый.
На гэты раз гасцям прапануюць жур з мясам па цане Br3,5, салату „Журавiны” за Br6,5, фаршаваную свініну па-беларуску з бульбянымі дзелькамі за Br10,5, гачанік з грыбамі за Br8,5, дзьмухаўцы з мядова-журавінавым паліваннем за Br4,5.
У распрацоўцы страў чарговага Тыдня беларускай кухні ўдзельнічаў шэф-повар рэстарана „Сядзіба” Андрэй Ізмайловіч. Арганізатарам конкурсу выступае галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку Мінгарвыканкама.
